Прэмію “Дэбют” уручаць 26 сакавіка
26 сакавіка ў 18:30 у „Грай-кафэ” (вул. Інтэрнацыянальная, 33, ст. м. „Кастрычніцкая”) будуць названыя пераможцы прэміі “Дэбют”. Музычны госць — BarRokka. Уваход вольны.
Сёлета на перамогу прэтэндуюць наступныя кнігі:
Паэзія Алесь Замкоўскі. Наступны прыпынак. — Менск: Кнігазбор; Галіна Сіўчанка. Зоў звычаю. — Менск: Медысонт; Стась Карпаў. Канцылярыі розных спраў. — Менск: Медысонт.
Пераклад Юлія Алейчанка: розныя аўтары. Вецер у валасах. — Менск: Выдавецкі дом “Звязда”; Ліда Наліўка: Лэсь Бэлэй. Ліхія дзевяностыя. Любоў і нянавісць у Ужгарадзе (з украінскай). — Вільня: Логвінаў; Паўліна Вітушчанка: Рычардас Гавяліс. Віленскі покер (з літоўскай). — Вільня: Логвінаў.
Проза Алесь Кіркевіч. Самурай. — Менск: Кнігазбор; Стэфан Корф. Палескі дыярыуш дывізіі Серакоўскага. — Менск: Кнігазбор; Дар’я Трайдэн. Крыштальная ноч. — Менск: Кнігазбор;
Пераможцы прэміі ў кожнай з намінацыяў атрымаюць ад Фонду “Вяртанне” 4000 рублёў. Таксама журы можа прыняць рашэнне пра ўручэнне заахвочвальных прызоў. Згодна з Палажэннем аб правядзенні прэміі, у адной ці некалькіх намінацыях пераможца можа не вызначацца.
У сёлетняе журы прэміі ўвайшлі: Павел Бераговіч, Леанід Галубовіч, Адам Глобус, Вера Жыбуль (Бурлак), Ганна Кісліцына, Андрэй Хадановіч, Ганна Янкута.
Прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча была заснаваная ў 2010 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам, Дабрачынным фондам “Вяртанне” і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Сярод папярэдніх пераможцаў — Віталь Рыжкоў, Наталка Харытанюк, Антон Францішак Брыль, Віктар Марціновіч, Андрэй Адамовіч, Юлія Шарова, Ганна Янкута, Кацярына Маціеўская, Зараслава Камінская, Ганна Комар, Юля Цімафеева, Таццяна Нядбай і інш.