Прэмію Гедройца ўручаць 12 кастрычніка
Цырымонія ўганаравання прэміяй імя Ежы Гедройца пройдзе ў сераду, 12 кастрычніка ў менскім гатэлі «Рэнэсанс», паведаміў сябра камітэта прэміі Андрэй Хадановіч. Пачатак а 19-й гадзіне.
Сярод прэтэндэнтаў на прэмію ў шорт-ліст трапілі кнігі «Таўсціла і лешч» Андрэя Адамовіча, «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне» Валянціна Акудовіча, «Белая муха, забойца мужчын» Альгерда Бахарэвіча, «Рух» Алеся Пашкевіча, «Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі» Тані Скарынкінай і «Завяршыць гештальт» Макса Шчура.
У склад журы ўвайшлі Ігар Бабкоў, Анджэй Бжэзецкі, Сяргей Дубавец, Малгажата Ноцунь, Людміла Рублеўская і Ганна Янкута.
Прэмія імя Ежы Гедройца ўручаецца з 2012 году. Папярэднія пераможцы: Павал Касцюкевіч з кнігай «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012), Уладзімbр Някляеў з кнігай «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» (2013), Ігар Бабкоў з кнігай «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014), Віктар Казько з кнігай «Час збіраць косці» (2015).