Прэмію Гедройця ўручаць 26 лістапада



Найлепшую арыгінальную кнігу, напісаную на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы і выдадзеную ў 2020 годзе, абвесцяць 26 лістапада. Анлайн-цырымонія пачнецца а 16.00 (па беларускім часе). Вядоўцамі цырымоніі будуць акторы Крысціна Дробыш і Аляксандр Малчанаў.

Нагадаем, што ў кароткі спіс дзясятага юбілейнага сезону прэміі імя Ежы Гедройця ўвайшлі 6 кніг:

  1. Сяргей Абламейка. Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі. Мінск, Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2020
  2. Ева Вежнавец. Па што ідзеш, воўча? Мінск, Пфляўмбаўм/Выдавец Раман Цымбераў, 2020
  3. Сяргей Календа. Акварыўм. Гісторыя аднаго юнацтва. Мінск, Логвінаў, 2020
  4. Артур Клінаў. Локісаў. Вільня, Логвінаў, 2020
  5. Таня Скарынкіна. Райцэнтр. Мінск, Пфляўмбаўм/Выдавец Раман Цымбераў, 2020
  6. Андрэй Федарэнка. Жэтон на метро. Мінск, Мастацкая літаратура, 2020

У складзе журы прэміі Гедройця сёлета працавалі: Наста Грышчук, літаратурны крытык; Сяргей Дубавец, журналіст, літаратар, крытык; Максім Жбанкоў, культуролаг, крытык, эсэіст; Анжэла Мельнікава, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар; Алесь Пашкевіч, літаратар, літаратуразнаўца.

Трансляцыя ўручэння прэміі будзе весціся на youtube-канале Беларускага ПЭНа па спасылцы, а таксама ў  сацсетках.

Прэмія імя Ежы Гедройця ўручаецца з 2012 года за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай i дакументальнай прозы і мае статус галоўнай незалежнай літаратурнай узнагароды Беларусі. Папярэднія пераможцы прэміі: Павал Касцюкевіч, “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (2012), Уладзімір Някляеў, “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” (2013), Ігар Бабкоў, “Хвілінка: Тры гісторыі” (2014), Віктар Казько, “Час збіраць косці” (2015), Макс Шчур, “Завяршыць гештальт” (2016), Зміцер Бартосік, “Быў у пана верабейка гаварушчы” (2017), Уладзімір Арлоў, “Танцы над горадам” (2018), Ілля Сін “Libido” (2019), Сяргей Дубавец “Тантамарэскі” (2020).

Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца ліквідаваныя ўладамі Беларусі  Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў, пры падтрымцы Амбасады Рэспублікі Польшча і Польскага Інстытута ў Менску.