Прэмію імя Міхала Анемпадыстава ўручаць 7 красавіка



Дызайнера найлепшай кніжнай вокладкі ўзнагародзяць а 17-й гадзіне ў культурным хабе Ок16 (вул.Кастрычніцкая 16). Цырымонія адбудзецца ў межах фестываля інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Падчас уручэння ўлюбёныя песні з «Народнага альбома» заспяваюць Кася Камоцкая і Лявон Вольскі. 

У кароткі спіс прэміі выйшлі дзесяць кніг:

Грыгорый Кацнэльсон – Рычард Гавяліс «Віленскі покер», выдавецтва “Логвінаў”; Анатоль Лазар – Чарльз Букоўскі “Чытво”, выдавецтва “Логвінаў”; Аляксандр Лучына – VEHA “Найлепшы бок”, выдавецтва “Янушкевіч”; Арцём Масюкевіч – Святлана Алексіевіч “Галасы Утопіі”, выдавецтва “Логвінаў”; Віталь Ругайн, Наста Рагатка, Даша Сапранецкая, Максім Горбік, Андрэй Кабанаў (фота)[b, Агата Пойзан[/b] (дызайн)– укладальніца Алена Лапцёнак «Вясна 2017», праваабарончы цэнтр “Вясна”; Анастасія Стальмахова, на вокладцы выкарыстаны фрагмент працы Сяргея Шабохіна “Практыкі падпарадкавання” – Вольга Шпарага “Сообщество-после-Холокоста: на пути к обществу инклюзии», выдавецтва Медысонт”; Павел Татарнікаў – Уладзімір Ягоўдзік, Павел Татарнікаў «Залатая шарсцінка, срэбная павуцінка: беларускія народныя казкі», выдавецтва “Медыял”; Сяргей Шаматульскі – Павел Касцюкевіч «Бульба ў райскім садзе», выдавецтва “Логвінаў”; Сяргей Шаматульскі – Вольга Такарчук «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых», выдавецтва “Логвінаў”; Уладзіслава Юрчанка – Антон Кулон “Сіняя кніга беларускага алкаголіка ПЛЮС”, выдавецтва “Галіяфы”;

Пераможцу абярэ журы, у якое ўвайшлі пісьменнік і мастак Артур Клінаў, дызайнер Уладзімір Цэслер, мастачка Васіліса Паляніна, пісьменнік і мастак Адам Глобус, літаратарка Вольга Бабкова, дызайнерка Алена Дашкевіч, мастачка Антаніна Слабодчыкава, дызайнер Юрый Тарэеў.

Прэмія імя Міхала Анемпадыстава заснаваная сёлета ў памяць пра дызайнера, паэта, фатографа, публіцыста, культуролага, які пайшоў з жыцця год таму. Ініцыятыва належыць Беларускаму ПЭН-цэнтру сумесна з Беларускім саюзам дызайнераў і “Лятучым універсітэтам”, а таксама польскім партнёрам ТАА “H&L” і фондам “Адкрытая культура”. Генеральным партнёрам выступіў незалежны тэлеканал “Белсат”, прэмія ладзіцца ў межах грамадскай кампаніі «Беларускамоўныя»

Пасля цырымоніі гледачоў чакае творчая імправізацыя Рамана Падалякі і Змітра Лук’янчыка „Чуць. Бачыць. Разумець” паводле працы Міхала Анемпадыстава „Колер Беларусі”.