Прэмію імя Міхала Анемпадыстава ўручылі за вокладку кнігі „Простыя словы”



У Беларускім ПЭН цэнтры ўручылі штогадовую прэмію імя Міхала Анемпадыстава за лепшую кніжную вокладку.

Пераможцай стала Алена Дашкевіч за вокладку кнігі ўспамінаў пра самога Міхала Анемпадыстава “Простыя словы”.

– Трэба было знайсці фотаздымак такі, які б адпавядаў гэтаму характару Міхала. Не проста прыгожы фотаздымак, дзе ён там усміхаецца, такія фотаздымкі таксама ёсць. Але менавіта я хацела паказаць вось гэтую прынцыповасць Міхала, тое, што Міхал быў правадыром нейкіх ідэй, і для яго было вельмі істотна, каб іншыя слухалі яго. Таму гэты жэст, гэта ж не мой жэст, гэта яго жэст.

Прэмія за найлепшую кніжную вокладку заснаваная ў 2019 годзе ў памяць пра мастака, дызайнера і паэта Міхала Анемпадыстава. Журы ацэньвае дызайн, паліграфічнае выкананне і адпаведнасць афармлення зместу кнігі.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск