Прэзентацыя «Беларускага Буквара» Алеся Сушы ў Менску
8 лютага Нацыянальная бібліятэка запрашае на прэзентацыю кнігі «Беларускі буквар» Алеся Сушы.
Дата: 8 лютага
Час: 16.00
Месца: галерэя «Лабірынт» (3 паверх), Нацыянальная бібліятэка Беларусі, пр-т Незалежнасці, 116, Менск
Гэта першае фундаментальнае даследаванне ўнікальнага феномена айчыннай гісторыі, з’явы сусветнага значэння — Буквара.
Першая ў свеце кніга, якая мела назву «Буквар», была выдадзена менавіта беларускай друкарняй. Гэта адбылося больш за 400 гадоў таму назад — і «Буквар» стаў самым вядомым падручнікам, а само гэта слова загучала на многіх мовах ў розных краінах свету.
У фундаментальнай працы Алеся Сушы «Беларускі Буквар» адноўлена тысячагадовая гісторыя галоўнай кнігі для навучання грамаце: ад старажытнасці і з’яўлення пісьменства ў Беларусі ажно да нашых дзён.
На падставе тысяч архіўных і апублікаваных крыніц з розных краін атрымалася паказаць, па якіх падручніках вучыліся нашы продкі, як пачынаўся шлях да ведаў розных пакаленняў беларусаў, якія сімвалы і вобразы ўкладваліся ў змест пачатковай адукацыі ў мінулым.
Былі адшуканы надзвычай рэдкія і старадаўнія Буквары, якія сёння можна бачыць у адзінкавых экзэмплярах і толькі вельмі далёка ад Беларусі. У кнізе вялікага фармату 8 раздзелаў, 125 параграфаў, 730 ілюстрацый, 1025 спасылак на апублікаваныя і архіўныя крыніцы.
На яркіх ілюстрацыях можна бачыць унікальныя беларускія буквары, адшуканыя ў 78 дзяржаўных і прыватных калекцыях у Беларусі, Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, Ірландыі, Італіі, ЗША, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Славеніі, Украіны, Францыі, Чэхіі і Швецыі.
Разам з фундаментальнай навуковай працай «Беларускі Буквар» Алесь Суша таксама падрыхтаваў папулярную і багата ілюстраваную кнігу «Вынаходства Буквара ў Беларусі».
Уваход вольны.