Прэзентацыя часопіса “Лідскі летапісец” у Бярозаўцы



Для вучняў горада Бярозаўка прайшла прэзентацыя краязнаўчага гістарычна-літаратурнага часопіса “Лідскі летапісец”. На старонках яго размешчаны артыкул пра сям’ю Столле – уладальнікаў знакамітых шкляных мануфактураў у Бярозаўцы.

Аўдыторыя для прэзентацыі свежага нумара абраная невыпадкова, бо аўтарамі артыкула з’яўляюцца вучні 11-га класа сярэдняй школы №3. Адна з іх – Кацярына Бухцінава – зазначае, што працаваць над матэрыяламі даследавання было не проста цікава, але захапляльна:

Мы цікавімся гісторыяй горада. Гэта ўжо як частка нашага жыцця. Было цікава. Мы размаўлялі з жыхарамі горада, перакладалі дакументы з польскай на беларускую мову. І ў нашым музеі ёсць шмат інфармацыі. Гэта было цікава, бо мы пазнавалі больш не толькі пра наш горад, але і пра сябе.

[Not a valid template]

Паводле галоўнага рэдактара часопіса Станіслава Судніка, патэнцыял у бярозаўскіх вучняў да краязнаўчай працы ёсць, і гэта пацвярджаецца супрацай з часопісам “Лідскі летапісец”:

– Школьныя краязнаўцы распісалі радавод Столле. Сабралі вельмі шмат дакументаў – атрымалася грунтоўная праца з добрымі элементамі навукі. Бачачы патэнцыял гэтай школы і тое, што яны яшчэ могуць зрабіць не адну такую працу (ім ёсць над чым працаваць), мы прыехалі сюды з прэзентацыяй гэтага часопіса, каб заахвоціць да далейшай працы.

Паміж выступамі аўтараў і гасцей прэзентацыі маладую публіку забаўляў сваімі выступамі бард з Ліды Сяржук Чарняк.

[Not a valid template]

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда

Фота аўтара