Прэзентацыя дзвюх кніг пра Жыровічы
У Дзятлаўскім дзяржаўным гісторыка-краязнаўчым музеі адбылася прэзентацыя дзвюх кніг пісьменніка Сяргея Чыгрына са Слоніма. Гэта кнігі, прысвечаныя Жыровічам і тым людзям, лёс якіх быў звязаны з Жыровіцкім манастыром і самім мястэчкам. Аўтар прэзетаваў свае кнігі “Ад Слоніма да Жыровіч” і “Цяпло Жыровіцкай святыні”.
Прэзентацыя пачалася з выступлення супрацоўніц музея. Яны распавядалі пра гісторыю Жыровіцкага манастыра і пра тое, што сёлета адзначаецца 550 гадоў Жыровіцкай Іконе Божай Маці і 500-годдзе Жыровіцкага манастыра. А потым аўтар распавёў пра Жыровічы і няпростыя лёсы людзей, якія ў ХХ стагоддзі жылі ў Жыровічах ці служылі ў Жыровіцкім манастыры. Сяргей Чыгрын нагадаў новыя факты з біяграфіі Серафіма Жыровіцкага, братоў Яўгена і Уладзіміра Хлябцэвічаў, якія нарадзіліся ў Жыровічах, пра Алеся Асіповіча-Асіпчыка, які ў 1947 годзе ў Баварыі выдаў кнігу “Цудатворны Абраз Жыровіцкае Божае Маці і Жыровіцкі манастыр” і пра іншых асобаў, якія мелі дачыненне да Жыровіч.
Сяргей Чыгрын адказаў на пытанні дзятлаўчан і запрасіў наведваць часцей гістарычныя мясціны Гарадзеншчыны і вывучаць свой край.
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава
Фота аўтара