Прэзентацыя кнігі Дзмітрыя Скварчэўскага “Па слядах багоў”
24 верасня 2019 года ў 18:30 у мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адбудзецца імпрэза, прысвечаная выданню кнігі “Па слядах багоў: нарысы беларускай міфалогіі” Дзмітрыя Скварчэўскага, кандыдата гістарычных навук, даследчыка міфалогіі і традыцыйнай беларускай культуры, дацэнта кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў гістарычнага факультэта БДУ.
Малады навуковец з’яўляецца аўтарам канцэпцыі стварэння “Музея міфаў” у Бярэзінскім біясферным запаведніку, а таксама канцэпцыі выставы гіганцкіх пясчаных скульптур “Багі і духі Беларусі”. Стваральнік адукацыйнага анлайн-курса “Багі, духі, героі: персанажны код беларускай міфалогіі”.
Гэта першая кніга даследчыка, якая прысвечана міфалогіі і рэлігійнай традыцыі продкаў беларусаў. На старонках кнігі аўтар выкладае новы падыход да рэканструкцыі круга багоў, якія шанаваліся продкамі беларусаў. У кнізе разглядаюцца дыскусійныя пытанні існавання пантэона, імёнаў, атрыбутаў і характарыстык багоў. На падставе фальклорных, гістарычных і шэрагу іншых крыніц вылучаюцца вобразы тутэйшых багоў, якія адпавядаюць старажытным індаеўрапейскім і з’яўляюцца іх працягам у беларускай фальклорна-міфалагічнай традыцыі.
Прэзентацыя кнігі будзе суправаджацца традыцыйнай беларускай музыкай у жывым выкананні. Адрас галерэі: Кастрычніцкая плошча, 1.