Прэзентацыя кнігі „Творы” Палуты Бадуновай”



11 мая ў 17.00 Літаратурны музей Максіма Багдановіча (Менск, вул. М.Багдановіча, д. 7а) запрашае ўсіх на прэзентацыю кнігі „Творы” Палуты Бадуновай”. Укладальнік кнігі –др. Уладзіслаў Гарбацкі, выкладчык ЕГУ (Вільня). „Творы” з’явіліся ў Вільні ў выдавецтве GuduKulturos Draugija Lietuvoje (Таварыства беларускай культуры ў Літве).

У кнігу ўключаныя вядомыя і ўпершыню друкаваныя творы дзяячкі і пісьменніцы, а таксама перавыдадзеныя казкі, якія ў 20-ых гадах мінулага стагоддзя пераклала Цётка Палута. А таму кніга будзе цікавая як дарослым, так і дзецям. 

Кніга распачынае новую серыю „Гендарная БНР”, бо закранае пытанне роўнасці жаночага і мужчынскага, часцяком нябачнага ці маргінальнага жаночага палітычнага. Новая серыя, такім парадкам, звяртае ўвагу чытацтва як на постаць першай беларускі на палітычным алімпе, так і на гендарны аналіз рэчаіснасці наагул.

Вяртанне мастацкай і публіцыстычнай спадчыны палітычнай дзяячкі, першай беларускай міністаркі, адной з лідарак эсэраў, – гэта, нарэшце, спраўджванне мары Палуты Бадуновай – стаць пісьменніцай. 

Паводле прэс-рэлізу