Прэзентацыя кнігі Вінцука Вячоркі ў Нью-Ёрку
Шмат людзей, якія, апынуўшыся па-за межамі сваёй краіны, працягваюць шанаваць сваю родную мову. Таму прыезд спадара Вінцука Вячоркі, вядомага мовазнаўца, грамадскага дзеяча, аўтара і вядучага праграмы Радыё Свабода “Па-беларуску з Вінцуком Вячоркам”, зрабіў сапраўдны фурор сярод беларусаў Нью-Ёрка і ваколіц.
Сустрэча адбылася 29 студзеня ў грамадскай зале Сабора Кірылы Тураўскага. Гаворка ішла пра матчыну мову і яе значэнне ў фармаванні светапогляду чалавека. Людзі, якія жывуць у чужым моўным асяроддзі, найбольш востра адчуваюць патрэбу ў роднай мове. Таму сустрэча праходзіла пры актыўным удзеле слухачоў.
Спадар Вінцук Вячорка не толькі распавёў пра гісторыю і развіццё беларускай мовы, але і заахвоціў слухачоў паўдзельнічаць у апытанках і тэстах. Сустрэча прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы.



