Прэзентацыя кніжнага праекта “Беларускі кнігазбор”



13 снежня ў 14.00 у будынку Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбудзецца прэзентацыя кніжнага праекта “Беларускі кнігазбор”.

Нацыянальная культура адыгрывае непараўнаную ролю ў развіцці грамадства і духоўным адраджэнні любога народа. На працягу шматгадовай гісторыі свайго існавання беларускі народ стварыў самабытную літаратуру, адну з самых багатых у свеце.

“Беларускі кнігазбор” – унікальны фундаментальны праект, у якім прадстаўлены найлепшыя творы мастацкай літаратуры, айчыннага літаратуразнаўства і гісторыі.

Серыя распрацавана ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі. Першы том (“Ян Чачот. Выбраныя творы”) выйшаў у 1996 г. Аўтарам ідэі і галоўным рэдактарам з’яўляецца беларускі пісьменнік, фалькларыст, перакладчык і літаратуразнаўца К.А. Цвірка. “Беларускі кнігазбор” уключае тры серыі: мастацкая літаратура, гісторыка-літаратурныя помнікі і пераклады замежнай класікі. Безумоўна, самай значнай з’яўляецца серыя I – мастацкая літаратура: у ёй выйшла 77 тамоў.

З 2008 г. да ажыццяўлення праекта далучылася акадэмічнае выдавецтва “Беларуская навука”. У выніку, дзякуючы сумесным намаганням, убачылі свет яшчэ амаль тры з паловай дзясяткі кніг, у тым ліку і 100-ы юбілейны том “Беларускага кнігазбору” –   “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Выбраныя творы”

Упершыню шырокая грамадскасць атрымала такія грунтоўныя выданні, як “Беларускія летапісы і хронікі”, “Беларуская старажытная літаратура”, “Беларусы” Яўхіма Карскага, “Выбраныя творы” Уршулі Радзівіл, Францішка Багушэвіча, Уладзіслава Сыракомлі, Элізы Ажэшкі і многіх-многіх іншых. Побач з класічнымі творамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Кузьмы Чорнага, Васіля Быкава, Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча, якія складаюць залаты фонд нацыянальнай літаратуры, у культурную прастору вернута і творчая спадчына Усевалада Ігнатоўскага, Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх, Вацлава Ластоўскага, Уладзіміра Жылкі, Язэпа Лёсіка і іншых рэпрэсаваных пісьменнікаў. Арыгінальнай і не менш каштоўнай часткай праекта сталіся пераклады на беларускую мову твораў Ёгана Вольфганга Гётэ і Фёдара Дастаеўскага.

100 тамоў “Беларускага кнігазбору” – гэта сапраўдная скарбонка найлепшых здабыткаў нацыянальнай літаратуры, выданне, якое атрымала вядомасць, прызнанне і высокую ацэнку не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.

Прэзентацыя адбудзецца па адрасе: праспект Незалежнасці, 66, зала 216.

budzma.by