Прэзентацыя новай кнігі Юрыя Гуменюка ў Гародні
24 верасня ў Цэнтры гарадскога жыцця Гародні пройдзе прэзентацыя новай кнігі публіцыстыкі Юрыя Гуменюка «Захлынуцца апантанасцю жыцця».
У гэты дзень яму споўнілася б пяцьдзясят гадоў (1969-2013). Ён быў гарадзенскім паэтам, постмадэрністам, супрацоўнічаў з нашым Беларускім Радыё Рацыя. Пра яго згадвае літаратар Гародні Данута Бічэль.
– Для іх жа ўжо быў добры час, яны маглі працаваць. Не было ўжо цэнзуры, і яны маглі пісаць, што хацелі. І ў гэты час уліўся Юры Гумянюк. І яго проза, праца ў часопісе і праца на радыё, гэтыя рэпартажы яго – ён быў смелым хлопцам. Ён рабіў смелыя рэпартажы на нейкім такім амбітным і рызыкоўным узроўні.
Кнігу ўклаў Алесь Аркуш, яго калега па таварыству вольных літаратараў, выданню часопіса «Калоссе». Ён ня згодны з меркаваннем, што Юры Гумянюк быў паэтам -дэкадэнтам. «Бо ці можа дэкадэнт настолькі быць заангажаваным у палітычнае жыццё роднай краіны, як гэта было з Гуменюком». Кніга выйшла ў выдавецкай ініцыятыве «Полацкае ляда». Прэзентацыя кнігі пачнецца а 19-00 гадзіне. Уваход вольны.
Якуб Сушчынскі