Прэзентацыя-практыкум па гісторыі сэксадносін у ВКЛ



Гісторык Наталля Сліж прадставіць 3 кастрычніка ў гарадзенскай «Цудоўні» сваю новую кнігу «Культура сексуальных стасункаў у Вялікім Княстве Літоўскім у XVI–XVII стст».

Наталля Сліж больш за дзесяць год вывучае гісторыю шлюбу, сацыяльна-прававы статус жанчыны, асобныя аспекты міжполавых дачыненняў, актыўна звяртаючыся да методыкі гендарных даследаванняў.

Пра будучую прэзентацыю распавядае яе арганізатар, кіраўнік «Цудоўні» Андрэй Несцяровіч:

 

– Гэта адно з вельмі нешматлікіх даследаванняў у сферы сэксуальнай культуры, то бок, у прынцыпе, разгляд культуры праз прызму міжполавых адносінаў, сексуальных адносінаў. Тое, пра што гаварыць звычайна не вельмі прынята, але што пры гэтым з’яўляецца неад’емнай часткай чалавечага існавання ў гэтым свеце. Прытым вельмі шмат цікавых фактаў, каторыя проста мяняюць нашае светаўспрыманне нават адносна сучаснасці, я ўжо маўчу пра мінуўшчыну.

На думку Андрэя Несцяровіча, сустрэча будзе адметная тым, што на ёй будуць і практычныя заняткі:

 

– Чаму рэйтынг 18+? Таму што некаторыя рэчы ў агульна дазволеных і разумных межах будуць проста паказвацца на практыцы. І апрача інфармацыйнага складніка, можна будзе папрактыкавацца ў старабеларускіх заляцаннях, праверыць на сабе некаторыя практыкі проста на ўласных адчуваннях. Гэта будзе, напэўна, першы, прынамсі на маёй памяці беларускамоўны, назавём так, сэкс-семінар.

Арганізатары сустрэчы кажуць пра тое, што на прэзентацыі можна будзе набыць кнігі і атрымаць аўтограф, задаць пытанні пра «беларускую камасутру» і атрымаць на іх адказы. А таксама адкрыць для сябе дзеянне пэўных тэхнік, датычных інтымных адносінаў.

Беларускае Радыё Рацыя