Прэзентацыя „Родных пагоркаў” у Капылі



У Капыльскай раённай бібліятэцы імя Анатоля Астрэйкі прайшла прэзентацыя першага нумара літаратурнага альманаха “Родныя пагоркі”, які выдала тутэйшае літаб’яднанне “Вясёлка” пры падтрымцы газеты “Наша слова”(Ліда). Укладальнік і аўтар прадмовы – Ірына Пятровіч, рэдактар – Станіслаў Суднік.

Прэзентацыя праходзіла ў цёплай хатняй атмасферы за святочным сталом. На імпрэзу сабраліся аўтары альманаха, з Ліды прыехаў рэдактар Станіслаў Суднік, а з Нясвіжа – старшыня Нясвіжскай раённай арганізацыі ТБМ, краязнаўца Наталля Плакса, якая дапоўніла асноўную дзею прэзентацыяй мастацкага календара “Маляванкі-суседкі (Капыльшчына, Нясвіжчына, Клеччына)”. Былі выстаўлены тры “жывыя” маляванкі з калекцыі спадарыні Наталлі. Адна з іх пэндзля Юзафа Мысліцкага, намаляваная ў вёсцы Сейлавічы Нясвіжскага раёна, а сам Юзаф Мысліцкі паходзіў з вёскі Чарнагубава Капыльскага раёна.

Прэзентацыю ж альманаха распачала ўкладальніца Ірына Пятровіч з верша Станіслава Судніка, змешчанага на вокладцы. Першая страфа якога гучыць так:

Між Слуцкаю раўнінай

І Нёманскай далінай,

Пад радаснаю зоркай

Калісьці Бог раскінуў,

Калісьці Бог раскінуў

Капыльскія пагоркі...

Потым чыталіся вершы, змешчаныя ў зборніку і выступалі аўтары. Гучалі нават песні на словы аўтараў альманаха.

Па ходзе прэзентацыі журналіст райгазеты “Слава працы” распавёў, як у 1960-я гады пры газеце ўзнікла літаб’яднанне “Вясёлка”, як праз нейкі час па пэўных прычынах падзаняпала і, як было адноўлена пры Капыльскай раённай бібліятэцы імя Анатоля Астрэйкі.

Трэба адзначыць і такі момант: адна з аўтарак падзякавала рэдактару за ўнесеныя праўкі, што бывае надзвычай рэдка. Намнога часцей аўтары маюць прэтэнзіі да рэдакцыі, гатовыя змагацца за кожную коску. А тут бачна: людзі крытычна ставяцца да сваёй творчасці, а значыць будуць больш працаваць над кожным творам. І гэта радуе, тым больш, што прынята рашэнне праз некаторы час рыхтаваць другі нумар, які па плане павінен выйсці ў 2024 годзе і быць, безумоўна, большым і лепшым.

 

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Капыль

Фота аўтара