Прэзентацыя сайта “Бібліятэка філолага”
Адбылася міні-прэзентацыя сайта “Бібліятэка філолага” на філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта.

Гэты сайт – электронны дадатак да галоўнага сайта «Народныя паэты і пісьменнікі Беларусі», які, у сваю чаргу, карэлюе з мемарыяльнай і навучальнай аўдыторыяй на філфаку БДУ “Народныя паэты і пісьменнікі Беларусі”. На кожным стэндзе ў аўдыторыі пазначаны QR-код, праз які акурат і можна выйсці на сайт-спадарожнік. Прэзентаваны сайт змяшчае арыгінальныя кнігі і працы выкладчыкаў кафедры гісторыі беларускай літаратуры, рэдкія адлічбаваныя выданні, мультымедыйныя матэрыялы, якія размеркаваны па раздзелах (рубрыках) «Кнігі», «Зборнікі», «Часопісы», «Артыкулы», «Навукоўцы», «Медыятэка», «Хранограф».
«На філалагічным факультэце і ў БДУ пашыраецца выкарыстанне інфармацыйна-адукацыйных рэсурсаў. “Бібліятэка філолага” – адзін з такіх электронных рэсурсаў па забеспячэнні вучэбнага працэсу і ў дапамогу самастойнай працы студэнтаў. Спадзяёмся, што матэрыялы сайта будуць шырока запатрабаваны ў іншых установах адукацыі краіны», – адзначыў загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры прафесар Алесь Бельскі, прэзентуючы сайт студэнтам ІV курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія». Яны сталі аднымі з першых наведвальнікаў сайта, азнаёміліся з новым электронным рэсурсам, даведаліся пра яго канцэпцыю і перспектывы развіцця.
Праект па стварэнні сайта-спадарожніка быў рэалізаваны цягам апошняга года. Гэта стала магчымым дзякуючы асабістай падтрымцы дэкана філалагічнага факультэта Сяргея Важніка. Дзейнасць сайтаў «Народныя паэты і пісьменнікі Беларусі» і «Бібліятэка філолага» забяспечвае кафедра гісторыі беларускай літаратуры.
Беларускае Радыё Рацыя
