Прэзентацыя „Верасня” на сядзібе ТБМ



У Менску на сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны адбылася прэзентацыя дваццатага нумару літаратурна-мастацкага часопіса “Верасень”, які рэдагуе пісьменнік Эдуард Акулін.

На сустрэчу завіталі чытачы часопіса, кіраўніцтва Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны і яго аўтары.

Прэзентацыю распачала кіраўнік ТБМ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім, якая адзначыла вартасць выдання і павіншавала ўсіх з юбілейным 20-м нумарам “Верасня”.

Рэдактар часопіса Эдуард Акулін прыгадаў той час, калі ён распачынаў выдаваць часопіс, згадаў Ніла Гілевіча і Рыгора Барадуліна, якія шчыра віталі новае выданне.

Пра вартасць выдання, найперш для моладзі, дызайн яго, пра тэксты і аўтараў, а таксама з удзячнасцю да беларускага слова і беларушчыны ў цэлым распавядалі Анатоль Трафімчык, Сяргей Чыгрын, Наталля Бучынская і іншыя прысутныя.

Прэзентацыю юбілейнага нумару “Верасня” Эдуард Акулін аздобіў сваімі песнямі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара