Прэзентацыя выдання «Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі»
У пятніцу, 29 лістапада, на Піншчыне збяруцца сваякі, аднакурснікі і паплечнікі знанай беларускай паэткі Яўгеніі Янішчыц, каб прэзентаваць трэці том выдання, прысвечаны яе жыццю і творчасці. А 11-й гадзіне мерапрыемства адбудзецца ў вёсцы Парэчча ў Народным музеі паэткі.
Па словах загадчыцы ўстановы Антаніны Сідарук, прэзентацыя пройдзе ва ўтульнай, хатняй атмасферы:
– На гэтую прэзентацыю мы запрашаем настаўнікаў роднай мовы і літаратуры нашага раёна, настаўнікаў нашай школы. Будуць дзеці і, канешне, прыхільнікі творчасці Жэні Янішчыц, хто можа прыйсці ў гэты час. Запрашалі мы ўкладальніка гэтага чатырохтомніка – Тамару Аўсяннікаву, запрашалі сына Андрэя, пляменніцу, родзічаў і суседзяў.
Пасля Парэчча прэзентацыя трэцяга тома «Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі» запланавана і ў Пінску на базе Цэнтральнай раённай бібліятэкі. Тут мерапрыемства пачнецца а 14-й гадзіне.
Беларускае Радыё Рацыя
