Прэзентаваны першы том „Гісторыі беларускай дзяржаўнасці”
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі прэзентавала першы том пяцітомніка „Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”. Прэзентацыя адбылася 16 студзеня падчас прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры.
Кніга выйшла ў выдавецкім доме „Беларуская навука” накладам 500 асобнікаў, пасля яе плануюць дадрукаваць. Над першым томам працаваў калектыў з 29 аўтараў з Інстытута гісторыі НАНБ, Белдзяржуніверсітэта, Гарадзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы і Магілёўскага дзяржуніверсітэта імя Аркадзя Куляшова.
Акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАНБ Аляксандр Каваленя адзначыў, што першым крокам да напісання „Гісторыі беларускай дзяржаўнасці” стала маштабная праца па складанні чатырох тамоў „Вялікага беларускага атласа”. Паводле яго слоў, у гэтым шматтомніку беларускія гісторыкі „крок за крокам, па макулінках паказалі, як фармавалася тэрыторыя сучаснай Беларусі”, а таксама адлюстравалі, „як многія пакаленні лепшых людзей з беларускага народа імкнуліся давесці да міжнароднай супольнасці, што беларусы павінны мець сваю дзяржаўнасць”.
„Складанасць фармавання беларускай дзяржаўнасці звязаная з нашым геапалітычным становішчам на карце Еўропы, — падкрэсліў Каваленя. — Мы фактычна стаім на духоўным разломе і на скрыжаванні шляхоў зносін поўначы з поўднем і усходу з захадам. Менавіта тут, як у кроплі вады, адлюстравалася ўсё тое, што адбывалася на еўрапейскай прасторы. У першым томе гэтай кнігі як раз і паказаны ўвесь той цяжкі шлях, які прайшлі тысячы пакаленняў беларускага народа, каб сёння жыць у светлай і незалежнай Рэспубліцы Беларусь”.
„Гістарычны вопыт сведчыць, што за больш як тысячагадовую гісторыю фармавання беларускай дзяржаўнасці Беларусь ніколі не была каланіяльнай тэрыторыяй. Беларускі этнас, знаходзячыся ў складзе Кіеўскай Русі, Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, заўсёды выступаў у якасці складніку часткі дзяржаваўтваральнага працэсу. Нам удалося гэта не проста сфармуляваць, але і паказаць на аснове найбагацейшага археалагічнага матэрыялу, матэрыялаў з архіваў краін Еўропы, Расіі. Мы павінны гаварыць, то мы не проста талерантны народ, мы народ, які насуперак усім складанасцям захаваў сваю мову, культуру, традыцыі, звычаі і пабудаваў сваю дзяржаўнасць”, — дадаў вучоны.
Дырэктар Інстытута гісторыі НАНБ Вячаслаў Даніловіч паведаміў, што першы том „Гісторыі беларускай дзяржаўнасці” ахоплівае перыяд ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. Другі том будзе прысвечаны перыяду канца XVIII — пачатку XX стагоддзяў, калі Беларусь знаходзілася ў складзе Расійскай імперыі. У трэцім томе будуць адлюстраваныя падзеі савецкага перыяду з 1917 па 1939 гады. Чацвёрты том будзе прысвечаны падзеям 1939—1954 гадоў, гэта значыць Другой сусветнай вайне і пасляваеннаму аднаўленню. У заключным томе будзе выкладзеная гісторыя другой паловы XX стагоддзя і сучаснасці.
„Такім чынам, мы атрымаем цэласную і грунтоўную карціну гісторыі беларускай дзяржаўнасці — ад старажытнасці да сучаснасці. <…> У першым томе вельмі важны і цікавы не толькі навуковы змест, але і мноства ілюстрацый, напрыклад картаграфічны матэрыял, які адносіцца да старажытнага перыяду. Гэта выдатная якасная кніга, якая годна прэзентуе гісторыю беларускай дзяржаўнасці ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя”, — падкрэсліў Даніловіч.
Першы том „Гісторыі беларускай дзяржаўнасці” ўжо паступіў у кнігарні, ён каштуе прыблізна 25 рублёў, паведаміў дырэктар выдавецтва „Беларуская навука” Аляксандр Дудзік. Другі том павінен з’явіцца ў продажы ў пачатку лютага. Трэці і чацвёрты ў выдавецтве вычытваюць, праца з пятым яшчэ не пачалася.