Pro Women – выстава ў Гародні



У гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця адкрылася выстава Pro Women. Яна паказвае гісторыі дзевяці паспяховых жыхарак Гародні.

Пра выставу распавядае адна са стваральніц, рэдактарка спецпраектаў выдання Hrodna.life Ірына Новік:

– Гераінямі гэтай выставы сталі жанчыны, таму што жанчын у грамадстве – палова, а іх, у прынцыпе, не бачна нідзе там у прэсе, напрыклад, ці на выставах. Звычайна, калі жанчыны з’яўляюцца на нейкіх творчых такіх аб’ектах, то яны такія музы, такія прыгажуні. Не прадстаўляюцца як актыўныя асобы, якія нешта робяць і змяняюць сваё жыццё і жыццё вакол сябе. То мы вырашылі паказаць тых жанчын, якія жывуць сваё жыццё менавіта так, як ім хочацца.

 

Вольга Корсун, кіраўніца Гарадзенскай філіі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» лічыць, што на выставе паказаныя розныя сферы жыцця:

– Мы пастараліся выбраць самыя розныя сферы жыцця, гэта мастацтва, бізнес. Знайшлі гераінь, якія нягледзячы на нейкія стэрэатыпы, на нейкія меркаванні, якія існуюць у грамадстве, ламаюць гэтыя стэрэатыпы і дасягаюць пэўнага поспеху як у асабістым жыцці, так і ў прафесійнай сферы. У грамадстве існуе такі стэрэатып, што, напрыклад, жанчынам няма месца ў палітыцы. Адна з нашых гераінь – гэта Анджаліка Борыс, кіраўніца непрызнанага ўладамі саюзу палякаў Беларусі.

Пабачыць гісторыі паспяховых жанчын у Гародні магчыма да пачатку кастрычніка 2019 года.

Беларускае Радыё Рацыя