Пробашч Чырвонага касцёла: Нам патрэбен адукацыйны цэнтр



Чырвоны касцёл ў Менску — не толькі візітоўка горада, але і адна з самых шматлікіх парафій сталіцы. Святыню рэгулярна наведвае ад 15 да 25 тысяч (!) вернікаў.

Пробашч менскай парафіі св. Сымона і Алены кс. канонік Уладзіслаў Завальнюк у каментарыі Catholic.by расказаў пра тое, як будзе выглядаць Чырвоны касцёл пасля рэканструкцыі, якая распачалася восенню 2017 года.

Святар адзначыў, што рэканструкцыя будзе ісці ў некалькі этапаў: спачатку — рэканструкцыя святыні звонку, затым — рэстаўрацыя знутры, трэцім этапам прадугледжана будаўніцтва духоўна-асветніцкага цэнтра.

Калі задумку атрымаецца рэалізаваць, то цэнтр змесціцца ў асобнай прыбудове да касцёла, якая была прадугледжана яшчэ ў праектных дакументах фундатара — на той час у якасці плябаніі.

Духоўна–асветніцкі цэнтр пры касцёле, паводле пробашча Чырвонага касцёла, аб’яднае нядзельную школу, будзе праводзіць адукацыйна-развіваючыя гурткі для дзяцей і г.д.

«З дзецьці мы працуем на працягу сямі гадоў, ад падрыхтоўкі да першай Камуніі да катэхезы школьнікаў. Нядзельную школу пры касцёле ў нас наведваюць больш за 800 дзяцей, таму адукацыйны цэнтр, які з’явіцца, дакладна не будзе пуставаць», — заўважыў кс. Уладзіслаў.

Як дадаў пробашч самай вялікай менскай парафіі, за ўсе 107 гадоў з моманту ўзвядзення святыні ў ёй ні разу не было капітальнага рамонту.

Сёння ідуць працы па замене даху святыні — металічную дахоўку мяняюць на керамічную. У  планах — замена вітражоў.

Для вернікаў і турыстаў Чырвоны касцёл у Менску адкрыты з 6.00 да 21.00. У нядзелю тут цэлебруюць 11 святых Імшаў.