Продаж дома Караткевіча адкладзены да верасня



Абвестка пра продаж дом знятая з сайта агенцтва нерухомасці. Па словах загадчыцы агенцтва пасля розгаласу ў прэсе, з’явілася шмат жадаючых даведацца пра ўмовы продажу дома і набыць дом – гучала да 10 тэлефанаванняў у дзень з пытаннямі пра дом. 

Продаж дома Караткевіча адкладзены да верасня. У верасні ў Беларусь з Украіны прыедзе Ірына – цяперашняя ўладальніца дома, дачка роднай пляменніцы Уладзіміра Караткевіча – Раісы. Да верасня – у доме жывуць кватаранты. 

У доме па вуліцы Караткевіча – 10 (у той час Варашылава – 10), сям’я пісьменніка жыла пасля вяртання з эвакуацыі, тут прайшлі юнацкія гады Уладзіміра Караткевіча, была напісаная аповесць „Дзікае паліванне Караля Стаха”. У  гэты дом Караткевіч вяртаўся цягам усяго жыцця – і ў апошні год перад смерцю. 

Між тым, дырэктарка музея Уладзіміра Караткевіча ў Воршы, Ліна Гатоўская сцвярджае, што дом не мае культурнай каштоўнасці. У беларускай інтэлігенцыі ёсць свой план – выкупіць дом і стварыць там незалежную культурніцкую прастору з двума мемарыяльнымі пакоямі, прысвечанымі Уладзіміру Караткевічу. 

Беларускае Радыё Рацыя