Продкі беларусаў самастойна фармавалі дзяржаўнасць
Продкі беларусаў самастойна пачалі фармаванне сваёй дзяржаўнасці, і працэс гэты пачаўся ў сярэдзіне IX стагоддзя, заявіла на прэс-канферэнцыі 16 студзеня ў Менску загадчыца цэнтра археалогіі і старажытнай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Вольга Ляўко.
На сустрэчы з журналістамі навукоўцы НАН прадставілі першы том пяцітомніка „Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”, які ахоплівае перыяд ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя.
„Два гады таму Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка на выставе задаў мне прамое пытанне: „Вось вы кажаце, што ў нас з сярэдзіны IX стагоддзя пачала фармавацца дзяржаўнасць. Хто яе нам сфармаваў, хто яе нам даў?” — успомніла Ляўко. — Я яму тут жа адказала: „Ніхто. Мы гэта зрабілі самі. Гэта адбылося ў працэсе развіцця народа, які засяляў тэрыторыю Беларусі ў той перыяд часу”. Але адна справа адказаць, „ніхто, мы самі”, а іншае — абгрунтаваць і даказаць, што гэта сапраўды адбылося на нашай тэрыторыі дзякуючы насельніцтву, якое ў гэты час тут пражывала, дзякуючы працэсам палітычнага, эканамічнага, культурнага развіцця, якія ў гэты час тут адбываліся”.
Паводле слоў навукоўцы, зараджэнне дзяржаўнасці для беларусаў і іх суседзяў з’яўляецца актуальным пытаннем, паколькі адказ на яго складае аснову „я” кожнага народа. „Таму [у першым томе кнігі] трэба было выбраць тую лінію паводзін, якая дазволіць нам, не парушаючы інтарэсаў усіх нашых суседзяў, не абражаючы іх, не зневажаючы і не паказваючы, што яны ў чымсьці не адбыліся, паказаць, што і мы мелі сваю гістарычную нішу, у якой сфармавалася наша дзяржаўнасць. Вось гэтую самую нішу было вельмі складана паказваць на самым раннім яе этапе”, — сказала гісторык.
Яна адзначыла, што казаць пра пачатак беларускай дзяржаўнасці з сярэдзіны IX стагоддзя можна не толькі таму, што першая згадка Полацка ў „Аповесці мінулых гадоў” датуецца 862 годам. Ляўко звярнула ўвагу на тое, што ў летапісе ў адным шэрагу са славянскімі плямёнамі драўлян, дрыгавічоў, палян стаяць і палачане, якія назвалі сябе так „рэчкі дзеля, ля якой пасяліліся”.
„Гэта сведчыць аб тым, што тады ўжо сфарміраваліся нейкія больш-менш пастаянныя тэрыторыі, на якіх пражывала цесна звязанае эканамічнымі і культурнымі інтарэсамі насельніцтва, — заявіла гісторык. — Яно сябе ўжо ўсведамляла жыхарамі гэтай тэрыторыі, яе ўладальнікамі і адстойвала інтарэсы, як свае, так і гэтай тэрыторыі, каб яна не перайшла ў чыёсьці іншае валоданне. І да сярэдзіны IX стагоддзя гэты працэс ахапіў усю Усходнюю Еўропу. Усе славянскія плямёны, якія тут былі, яны былі на мяжы новай ступені, пераходу да новай формы кіравання гэтымі тэрыторыямі, зносін адзін з адным, у тым ліку палітычных”.
„На гэтым фоне вымалёўваюцца тры буйныя цэнтры, самых важных сярод мноства цэнтраў славянскага насельніцтва — Ноўгарад, Кіеў і Полацк. Трэба было даказаць, што Полацк быў такім жа раўназначным цэнтрам, у першую чаргу, у палітычных адносінах двум іншым цэнтрам, якія пасля склалі адзіную дзяржаву Кіеўскую Русь”, — дадала прадстаўніца Інстытута гісторыі.
Яна адзначыла, што ўжо доўгі час навукоўцы спрачаюцца пра тое, ці была „старажытнаруская народнасць, якая аб’яднала рускіх, украінцаў і беларусаў у адзіны народ”. Адны спецыялісты сцвярджалі, што яна была, бо „адзіны дух і адзіная культура цэментавалі палітычную сітуацыю”, іншыя ж казалі, што яна „так і не адбылася”.
„Але паслухайце, калі б яна адбылася, ды яшчэ ў такім трывалым абліччы, то не было б ні рускіх, ні ўкраінцаў, ні беларусаў. Такім чынам, былі нейкія ўнутраныя прычыны, якія аддзялялі гэтых людзей адзін ад аднаго, дазволілі ім пайсці сваім шляхам далей і стварыць свае ўласныя супольнасці ўнутры ўсходніх славян”, — падкрэсліла Ляўко.
Фота ©Shutterstock