Прыгадвалі Сапегаў, Радзівілаў і Яна Канопку
У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі адбыліся гістарычныя чытанні “Славім Дзятлаўшчыну нашу”, прысвечаныя 80-годдзю Дзятлаўскага раёна. У чытаннях прынялі ўдзел мясцовыя краязнаўцы, супрацоўнікі музея, вучні і настаўнікі.
Падчас гістарычных чытанняў яго ўдзельнікі шмат цікавага даведаліся пра старажытную Дзятлаўшчыну, пра ўладароў Дзятлаўшчыны Сапегаў і Радзівілаў, малавядомыя факты пра генерала Яна Канопку, які ваяваў на баку французаў у 1812 годзе і які, магчыма, пахаваны на Дзятлаўшчыне. Пра гэта распавядалі Мікіта Салаўёў, Сяргей Чыгрын, Фёдар Красюк, Дзмітрый Кузьма.
Настаўніца гісторыі Алена Радомская цікава распавядала пра халакост на Дзятлаўшчыне падчас Другой сусветнай вайны, а Мікалай Лук’янчык пагартаў ваенныя старонкі Дзятлаўшчыны. Алена Абрамчык спынілася на літаратурнай Дзятлаўшчыны, а Валерый Петрыкевіч зазірнуў у будучыню Дзятлаўскага раёна.
Падчас чытанняў у музеі была арганізавана выстава кніг, прысвечаная роднаму краю, аздобленая творамі кераміста Мікалая Несцярэўскага.
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава
Фота аўтара