„Прыход Малешы. Гісторыя і культура”
„Прыход Малешы. Гісторыя і культура”. У гарадской бібліятэцы ў Бельску Падляшскім 17-га лютага, адбылася прэзентацыя новай кнігі Дарафея Фіёніка, выдадзенай таварыствам Музей Малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах. Як адзначае аўтар, гэта чарговая кніга прысвечана гісторыі мясцовасцяў Бельскага павету ды іх жыхарам. Гэтым разам кніга прысвечана праваслаўнаму прыходу ў Малешах.

„Гэта важная кніга, якая датычыцца вялікага абшару Бельскай зямлі, распавядае пра старажытную і найноўшую гісторыю, цікавыя і часта складаныя лёсы яе жыхароў”, – адзначае Дарафей Фіёнік.
З вёскі Малешы паходзіць шмат цікавых асоб, сярод якіх найбольш вядомы духоўны дзеяч айцец Ян Урублеўскі (1838-1923), памяці якога прысвечана кніга. На прэзентацыі быў прысутны нашчадак святара Раман Урублеўскі, а таксама ягоныя сваякі. У кнізе таксама можна прачытаць пра панцырных баяраў са Шпакоў і Керснава, сем’і духоўных Шумікоўскіх і Гапановічаў, летапісца Афанасія Коласа са Свірыдаў, настаўніка, асэсара і музыку Якуба Клачко і дырыжора царкоўнага хору Уладзіміра Аксюту.
Музыка заўсёды адыгрывала важную ролю ў жыцці жыхароў Малешы. Вёска славілася мужчынскімі спевамі, якія можна пачуць на прыкладзеным да кнігі дыску з запісаў 1969 года Мікалая Урублеўскага і яго вучняў. Падчас мерапрыемства некаторыя з іх выканалі „Асочнікі”.
„Кніга пра праваслаўны прыход Малешы і яго неабсяжныя ваколіцы спрабуе аднавіць гістарычную і культурную памяць гэтага абшару. Аднак гэта гісторыя не толькі пра яго, але і пра ўсіх нас, якія жывуць у гэтай частцы Падляшша”, – адзначае Дарафей Фіёнік.








Беларускае Радыё Рацыя
