“Прыпынак гісторыі Гродна” пра Корпус аховы памежжа



Першая сустрэча гісторыкаў пад назваю “Прыпынак гісторыі Гродна” ў гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця была прысвечана дзейнасці у міжваенны час у Заходняй Беларусі польскай вайсковай фармацыі Корпус аховы памежжа.

Кажа гісторык Ігар Мельнікаў:

– Корпус аховы памежжа выконваў вялікую ролю, не толькі вайскова-палітычную, але і  культурна-гаспадарчую. Бо памежнікі сачылі, каб была добрая інфраструктура  – гэта будаўніцтва дарог, мастоў. Але таксама і адукацыя – стварэнне школ. Зразумела, польскіх школ, але ўсё роўна. Стварэнне клубаў, культурных цэнтраў, дзе можна было атрымаць адукацыю, пачытаць газеты. Безумоўна, важны момант – гэта медыцынскае абслугоўванне.

На думку кіраўніка Цэнтра гарадскога жыцця Паўла Мажэйкі, такія сустрэчы накіраваны на абмеркаванне спрэчных гістарычных пытанняў:

– Дваццатае стагоддзе – досыць цяжкае стагоддзе для абодвух нашых народаў. Для Беларусі найбольш. І таму размаўляць пра гэтыя гістарычныя праблемы, якія нам часта накінутыя савецкім часам, сённяшнім часам у пэўнай ступені, варта, трэба абменьвацца, разумець, што мы ведаем, чаго не ведаем.

На сустрэчы магчыма было пабачыць мундуры жаўнераў міжваеннай Польшчы, паглядзець мінівыставу, прысвечаную Корпусу аховы памежжа, а таксама паслухаць выступ даследчыка з польскага Інстытута нацыянальнай памяці.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня