Прыватны Універсітэт імя Гілевіча спыніў працэс атрымання ліцэнзіі



Кіраўніцтва прыватнага Універсітэта імя Ніла Гілевіча, заснаванага Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ), праз сітуацыю ў краіне спыніла працэс падрыхтоўкі і зацвярджэння дакументаў, неабходных для атрымання ліцэнзіі Міністэрства адукацыі на навучанне студэнтаў, паведаміў БелаПАН выканаўца абавязкаў рэктара ВНУ ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў.

„Пасля падзей у жніўні 2020 года мы проста спынілі ўсе гэтыя справы, усе стасункі з Мінадукацыі, бо няма сэнсу гэтым займацца, улічваючы сітуацыю ў краіне, — заявіў ён. — Будзем чакаць лепшых часоў. Пакуль не зменіцца сітуацыя ў краіне, афіцыйна працягваць [працэс атрымання ліцэнзіі] — пустая справа, бо зразумела, што нічога мы не атрымаем. Але мы спадзяемся на лепшае, можа, да канца года ўсё зменіцца, спадзяемся на добрыя змены”.

„Але праца ідзе, універсітэт працуе — пішам падручнікі. Плануем за гэты год напісаць тры падручнікі па германістыцы, а таксама выдаць беларускамоўны падручнік па паланістыцы”, — дадаў Трусаў.

Сітуацыя з універсітэтам абмяркоўвалася 24 студзеня на пасяджэнні рады ТБМ, паведаміла БелаПАН старшыня аб’яднання Алена Анісім. Паводле яе слоў, перш за ўсё абмяркоўвалася пытанне, звязанае з кіраўніцтвам ВНУ.

„У нас зараз выканаўцам абавязкаў рэктара ёсць Алег Трусаў, але мы прыйшлі да высновы, што Міністэрства адукацыі, напэўна, не будзе яго зацвярджаць у якасці рэктара, яно ўвогуле ўсялякім чынам тармозіць працэс разгортвання дзейнасці нашага ўніверсітэта, — сказала Анісім. — Мы абмяркоўвалі, што і як будзем рабіць з пасадай рэктара. І на сённяшні дзень сябры рады проста пацвердзілі сваё першапачатковае рашэнне, што лепшага за Алега Трусава на гэтую пасаду пакуль няма”.

Старшыня ТБМ адзначыла, што праз пандэмію COVID-19 пакуль універсітэт не мае магчымасці праводзіць падрыхтоўчыя курсы, а таксама разгарнуць паўнавартаснае навучанне, але „вядзецца навукова-даследчая дзейнасць, у прыватнасці рыхтуецца да выдання некалькі кніг”.

„Акрамя таго, рэктарат працуе над тым, каб мець пэўныя сувязі з замежнымі ўніверсітэтамі, найперш у Польшчы, магчыма, у Даніі. Усё ж у нас універсітэт — юрыдычна зарэгістраваная структура, легальная ў Беларусі, таму, пакуль няма мажлівасці весці дзейнасць на беларускай пляцоўцы, мы мусім выкарыстаць любыя магчымыя сродкі, каб пачаць навучанне”, — заявiла Анісім.

У 2017 годзе Мінгарвыканкам зарэгістраваў Універсітэт імя Ніла Гілевіча ў якасці структурнага падраздзялення ТБМ. Неўзабаве быў зарэгістраваны статут ВНУ, згодна з якім навучанне студэнтаў у перспектыве мелася весціся па 56 спецыяльнасцях.

Падчас „Вялікай размовы з прэзідэнтам” 1 сакавіка 2019 года, у якой удзельнічаў Алег Трусаў, Аляксандр Лукашэнка станоўча ацаніў стварэнне ўніверсітэта. „Тое, што вы там — гэта трэба пацікавіцца — універсітэт стварылі самі, не спадзеючыся ні на каго, — ну, гэта добра”, — сказаў Лукашэнка. У той жа час ён папярэдзіў: „Толькі каб гэта быў, Алег, правільны ўніверсітэт. Ну мы ж з табой ужо пражылі нямала часу. Каб рускую мову паважалі і вывучалі”.

БелаПАН