Прыём заявак на Прэмію Анемпадыстава за дызайн вокладкі
Прэмія заснаваная ў 2019 годзе ў памяць пра чалавека многіх талентаў – мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця два гады таму.
Ацэньвацца будзе дызайн, паліграфічнае выкананне вокладкі, а на ўзроўні кароткага спісу і адпаведнасць зместу кнігі. Склад журы будзе апублікаваны неўзабаве.
Да ўдзелу запрашаюцца дызайнеры, якія стварылі вокладку да папяровай беларускай кнігі, што выйшла ў 2019 годзе. Канчатковая адпаведнасць намінаванай кнігі панятку “беларуская кніга” ў кожным канкрэтным выпадку вызначаецца сябрамі журы большасцю галасоў. Больш падрабязна з умовамі ўдзелу можна азнаёміцца, прачытаўшы статут і рэгламент прэміі. Дэдлайн – 2 сакавіка (уключна).