Пяты нумар “Дзеяслова”
Выйшаў з друку пяты нумар літаратурна-мастацкага часопіса “Дзеяслоў”. Ён пачынаецца прозай “з той кніжкі, якая можа быць” Леаніда Дранько-Майсюка. А назва той кніжкі “Хата і дом”. З новымі празаічнымі творамі чытачоў “Дзеяслова” пазнаёмяць таксама Віктар Казько, Андрэй Федарэнка, Міхась Зізюк і Фелікс Баторын.
Цікава чытаецца ў часопісе паэзія. Гэта вершы Іны Снарскай, Сяржука Сыса, Сяргея Чыгрына, Алеся Дуброўскага-Сарочанкава. Дэбютуе ў часопісе маладая паэтка Алена Шаламіцкая з Гародні. Вось некалькі яе паэтычных радкоў:
Пачакайце, я выкіну дзённікі:
Марнавала паперу дарма…
Лепш бы хмары закатвала ў слоікі…
Лепш бы ўсё вырашала сама.
Адам Глобус прыгадвае свайго бацьку пісьменіка Вячаслава Адамчыка “Тата і мастакі”, Юрась Зарэчны друкуе цікавы даследчы артыкул “Паэзія цішыні, або Пра што маўчала Яўгенія Пфляўмбаўм”.
Генадзь Лапацін распавядае пра лёс жанчыны Варвары Грэцкай з Гомельшчыны, а Васіль Аўраменка разважае пра “цяжкую” літаратуру ў нялёгкія часы. На анкету “Дзеяслова” адказвае паэт Усевалад Сцебурака.
У перакладзе Яны Гульцяевай на старонках “Дзеяслова” надрукавана п’еса “Ровар дзеля свабоды” французскіх аўтараў Франсуа-Анры Сулье і Мары Гюлля.
Беларускае Радыё Рацыя