Работнікі культуры адзначаюць прафесійнае свята



Штогод у другую нядзелю кастрычніка Беларусь адзначае Дзень работніка культуры. Сёння прафесійнае свята для звыш як 50 тысяч грамадзян, якія працуюць у гэтай галіне. Напярэдадні на Піншчыне з нагоды свята адбыўся ўрачысты канцэрт, на якім свае майстэрствы паказалі дзіцячыя калектывы.

Па словах выкладчыка музычнай вучэльні Ігара Міхалёва, юныя таленты рыхтуюцца да вялікай сцэны:

– У нашым горадзе вельмі таленавітыя дзеці, іх вельмі шмат. Неабавязкова імкнуцца ў Менск, у буйныя гарады. Мы займаемся эстрадным і народным вакалам, у накірунку фолк, больш сучасны такі вакал, акцёрскае майстэрства, сцэнічная мова, сучасная харэаграфія. На мой погляд, самыя важкія такія кампаненты, якія павінны прысутнічаць у любога пачынаючага дарослага, маладога, юнага артыста. Таму што мы рыхтуем дзяцей да таго, што яны будуць браць удзел у вялікіх конкурсах і фестывалях.

Па інфармацыі Міністэрства культуры, у краіне дзейнічае звыш 1 тысячы дзяржаўных арганізацый культуры са статусам юрыдычнай асобы – гэта тэатры, канцэртныя залі, палацы культуры ды клубы, вучэльні, музеі.

Беларускае Радыё Рацыя