Работы па кансервацыі Крэўскага і Гальшанскага замкаў будуць працягнуты



Работы па кансервацыі Крэўскага і Гальшанскага замкаў у бягучым годзе будуць працягнуты. Аб гэтым паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі.

Ён адзначыў, што на працягу апошніх гадоў у Гродзенскай вобласці нямала зроблена па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны. Актыўна вялася рэканструкцыя і кансервацыя значных архітэктурных помнікаў.

„На 2018 год таксама запланавана правядзенне работ адразу на некалькіх гістарычных аб’ектах. Сярод іх мерапрыемствы па кансервацыі і рамонце ў Крэўскім і Гальшанскім замках. У цэнтры ўвагі застаецца і Замкавая гара ў Навагрудку: прадоўжыцца ўмацаванне схілаў, работы па кансервацыі сцен і веж”, – расказаў Аляксандр Вярсоцкі. У 2018 годзе намечана завяршыць рэстаўрацыю Лідскага замка. Фінансаваць работы плануецца з розных крыніц, у тым ліку з бюджэту.

У мінулым годзе былі завершаны асноўныя работы па рэстаўрацыі Каложскай царквы ў Гародні. У храме XII стагоддзя з’явілася новая драўляная сцяна, былі замены на новыя вокны і дзверы, уцеплены сцены і паддашак. Працяг работ уключаны ў абласную інвестыцыйную праграму на 2018 год. Плануецца добраўпарадкаваць тэрыторыю ля царквы, прадоўжыць рамонт унутры храма.

Завершана таксама распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі першай чаргі рэстаўрацыі і прыстасавання пад гісторыка-археалагічны музей комплексу Старога замка. Работы пачаліся ў верасні мінулага года і будуць актыўна прадаўжацца на працягу 2018 года.

У Смаргонскім раёне ў бягучым годзе прадоўжацца работы па добраўпарадкаванні старадаўняга парку ў сядзібе Залессе. Сама сядзіба, у якой жыў вядомы кампазітар Міхал Клеафас Агінскі, была адрэстаўрыравана раней і цяпер стала папулярным у турыстаў месцам.

Яшчэ адным месцам прыцягнення турыстаў можа стаць палацава-паркавы комплекс „Свяцк” у Гарадзенскім раёне. Цяпер там актыўна вядуцца работы па рэканструкцыі. Першыя вынікі, як чакаецца, госці змогуць убачыць ужо да канца гэтага года.

belta.by