Радзім Гарэцкі: Няхай пачытаюць Васіля Быкава…
Акадэмік Радзім Гарэцкі кажа, што забарона бел-чырвона-белага сцяга будзе “поўным глупствам”.
Як вядома, у спецслужбы паступіў на ўзгадненне праект акта МУС «Аб вызначэнні пералікаў арганізацый і іншых структур, нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі», пра што паведаміў у сваім тэлеграм-канале праўладны Саюза журналістаў.
Дакумент змяшчае пералік нацысцкай (калабарацыянісцкай) сімволікі і атрыбутыкі, у яго прапануецца ўключыць бел-чырвона-белы сцяг і лозунг «Жыве Беларусь».
Радзім Гарэцкі: Калі нармальна ведаць гісторыю, то забарона бел-чырвона-белага сцяга будзе поўным глупствам. Гэта проста дзікунства!
Няхай пачытаюць Васіля Быкава, у яго на гэты конт ёсць вельмі добрыя словы пра бел-чырвона-белы сцяг, як вечна наш.
РР: Аргументацыя ў тых, хто пры ўладзе, такая: маўляў гэты сцяг нацысты выкарыстоўвалі падчас вайны…
Радзім Гарэцкі: А расейскі трыкалор, які зараз з’яўляецца дзяржаўным сцягам Расеі, падчас вайны выкарыстоўвалі “уласаўцы”, якія ваявалі на баку фашыстаў. І што зараз трэба зрабіць? Занесці расейскі сцяг у лік нацысцкай сімволікі і забараніць яго выкарыстанне на тэрыторыі Расеі ці Беларусі?
Сцяг – гэта ўсяго толькі сімволіка, сцягамі карысталіся розныя людзі – і добрыя, і дрэнныя. Але чамусьці зараз , як кажуць, вырашылі нацягнуць саву на глобус.
Па вялікім рахунку, мне зразумела, пасля якіх падзей і каму стаў муляць вока бел-чырвона-белы сцяг. Хаця, паўтаруся, яго забарона будзе абсалютным абсурдам.
Беларускае Радыё Рацыя