Радзіма беларускага ганчарства збірае сяброў
Майстры з Польшчы, Украіны, Літвы і Арменіі сустрэнуцца ў Гарадной, што ў Столінскім раёне Берасцейшчыны, каб прыняць удзел у V-м Міжнародным пленэры ганчароў. Фэст пачнецца праз тры дні і працягнецца да 2-га жніўня.
Майстры ня проста збіраюцца дзеля забаў і творчага спаборніцтва, а абмяркуюць новыя тэндэнцыі ў ганчарскай справе, як папулярызаваць і развіваць рамяство.
Першы дырэктар гараднянскага Цэнтра ганчарства Алімпіяда Леанавец адзначае, што вёска мае як мінімум трох новых майстроў, здольных годна прадстаўляць рамяство продкаў:
– Васіль Андрэевіч Казачок сказаў: „Я не кіну гэту справу, я ўжо прыкіпеў да ганчарства!” Ужо тры новыя ганчары ёсць у нас, і гэта добра. Гэта браты Сяргей і Іван Шэлесты і Васіль Андрэевіч Казачок. Ганчары ў поўным сэнсе гэтага слова, таму што любы выраб, які стваралі нашыя прашчуры, яны магуць зрабіць.
Напрацягу ўсяго тыдня чакаюцца цікавыя мерапрыемствы: канцэрты, майстар-класы, кірмашы, пазнавальна-забаўляльныя вечары. Для гасцей з іншых раёнаў краіны, а таксама з блізкага і далёкага замежжа плануецца арганізацыя начлегу і харчавання.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота media-polesye.by