Раман Бахарэвіча “Сабакі Еўропы” прызналі “экстрэмісцкім”
Раман беларускага пісьменніка Альгерда Бахарэвіча “Сабакі Еўропы” ўлады прызналі “экстрэмісцкім”.

Пра гэта сам пісьменнік, які цяпер жыве за мяжой, даведаўся з публікацыі ў дзяржаўнай газеце. Артыкул у газеце, падначаленай адміністрацыі Лукашэнкі, прысвечаны ператрусу ў новай менскай кнігарні “Кнігаўка”. Уладальнік кнігарні, выдавец Андрэй Янушкевіч асуджаны на 10 сутак, затрымалі таксама супрацоўніцу кнігарні Насту Карнацкую.
Як адзначыла “СБ” у сваёй публікацыі, першы наклад “Сабак Еўропы”, надрукаваны на замову выдавецтва “Янушкевіч” у Літве, арыштавалі беларускія службы на мяжы. Пазней раман прызналі “экстрэмісцкім матэрыялам”. У ім дзяржаўная экспертыза нібыта знайшла “распальванне сацыяльнай, палітычнай і ідэалагічнай варажнечы”, а таксама “заклікі да масавых беспарадкаў дзеля незаконнага захопу ўлады”.
Беларускае Радыё Рацыя
