Раман Падаляка: У кожнага чалавека свой вобраз Каліноўскага



У кнігарні “Галіяфы” адбыўся перадпрагляд фільма Валера Мазынскага “Кастусь Каліноўскі. Апошнія дні”.

[youtube id=”pZPZ-UVttV4″]

Стужка сталася адной з нямногіх спроб мастацкага відэаўвасаблення Каліноўскага з 1927 года. Колькасць ахвотных пабачыць прэм’ерны паказ перавысіла магчымасці памяшкання. Цэлы натоўп чакаў з гадзіну на вуліцы, пакуль доўжыўся паказ.

“Вытворчасць фільма цягнулася амаль год, а выйшла не так, як першапачаткова планавалі,” – гаворыць рэжысёр Валер Мазынскі:

– Я люблю, калі  атрымліваецца не тое, што задумвалася на пачатку. Неяк прыдумваў усё, вырашыў, а потым прыходзіш да людзей і заганяць іх у гэтыя рамкі свае не цікава. Я хацеў, каб пачалася спрэчка, я хачу абмеркавання, бо справа не ў Каліноўскім, пра яго ўсё можна гаварыць, справа ў нас, а не ў ім.

Актор Купалаўскага тэатра Раман Падаляка, які выканаў ролю Каліноўскага:

 – Хочацца заўсёды рабіць сваё, каб гэта было беларускае па-першае, а па-другое, каб гэта неяк узрушвала. Калі спадар Мазынскі прапанаваў Каліноўскага, то былі сумневы ці той персанаж, ці ты акторна, ці неяк эмацыйна падыходзіш да гэтага вобраза. Калі ён бачыць, то трэба ісці наперад з ім. У кожнага чалавека ствараецца свой вобраз Каліноўскага. Калі пачынаеш вывучаць яго, як рэальнага чалавека, я не скажу, што ён добры чалавек, ён вельмі жорсткі, ён вельмі адназначны, вельмі рубіць з пляча, мог адказаць вельмі жорстка, мог закрыць сітуацыю, нават стрэліць. Мне падаецца, што ў яго быў вельмі моцны напор, энергетыка вельмі моцная. Мы можам яго неяк рамантызаваць, зрабіць з яго героя, які аддае сваё жыццё, але я думаю, што ён не такі просты. Я б не называў гэта ігравым кіно ўсё ж такі, гэта ўсё ж такі рэканструкцыя – гэта не ігравое кіно, мы не дацягваем да яго. Гэта першыя крокі асэнсавання, гэта не поўны метр, не тыя маштабы ў нас. На кінастудыі ляжыць сцэнарый пра Янку Купалу – 4 серыі, але ён не здымаецца. Сюжэтаў вельмі шмат, колькі можна было зняць па Караткевічу, перазняць нават тое ж Дзікае паляванне.     

Афіцыйная прэм’ера фільма “Кастусь Каліноўскі. Апошнія дні” адбудзецца 20-га сакавіка ў Варшаве. Імпрэза будзе прымеркавана да 152-й гадавіны пакарання кіраўніка паўстання 1863 на Беларусі і Літве. Фільм быў зняты пры падтрымцы незалежнага тэлеканала “Белсат”.

Беларускае Рады Рацыя, Менск