Раннія манеты ВКЛ прэзентуюць у Нацыянальным гістарычным музеі



Прэзентацыя набытых праз краўдфандынг ранніх манет ВКЛ пройдзе ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі 11 кастрычніка.

Будуць паказаны пенязі (дэнарыі), якія існавалі ў часы вялікіх князёў Альгерда, Вітаўта і Ягайлы. Акрамя гэтага, прэзентуюць невялікі скарб XV стагоддзя і дзве дэнарыі Альгерда і Ягайлы, перададзеныя аматарамі прыборнага пошуку. Самая ранняя манета, якую адносяць да чаканкі Альгерда, з’яўляецца імітацыяй данга Залатой Арды. Другая, больш позняя, умяшчае на рэверсе кірыліцкую легенду, адзін з варыянтаў расшыфроўкі якой слова „пячаць”. Манеты Ягайлы дзеляцца на два тыпы: партрэтныя пенязі (шэсць адзінак) і пенязь з выявай конніка і легендай „Князь Яга + ПО”. Самыя познія манеты – гэта пенязі Вітаўта з выявай Калюмн і наканечніка кап’я з крыжам. Пяць такіх манет і адзін пражскі грош складаюць невялікі скарб з Маладзечанскага раёна.

Акцыя праводзілася праз платформу па зборы сродкаў „Талака”.

belta.by