Рарытэтныя елачныя цацкі прадставяць у Нацыянальным гістарычным музеі



Навагодні выставачны праект «Музей елачных цацак» адкрываецца 6 снежня ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ва ўстанове.

На выстаўцы будуць экспанавацца навагоднія цацкі з Еўропы, Азіі, Аўстраліі, Амерыкі і Афрыкі. Сярод іх ёсць рарытэтныя экспанаты: дакладная копія цацкі, падоранай Папу Рымскаму Яну Паўлу ІІ, занесеная ў Кнігу рэкордаў Гінеса, велізарны шкляны шар з Венскага балю і многае іншае. Наведвальнікі змогуць азнаёміцца з традыцыямі навагодніх свят такіх краін, як Паўночная Карэя, Іран, Конга, Перу, Руанда, Антыгуа і Барбуда, Новая Зеландыя і многіх іншых.

У «Музеі елачных цацак» кожнае дзіця зможа акунуцца ў чароўную казку, а дарослы – вярнуцца ў дзяцінства. Экспазіцыя пабудавана па прынцыпе магічнага лабірынта, у якім прадстаўлена гісторыя вытворчасці шкляных елачных цацак з сярэдзіны XIX стагоддзя да нашых дзён. Акрамя таго, самыя маленькія госці змогуць паглядзець інтэрактыўны мініяцюрны калядны гарадок. Выстаўка – частка збору буйнейшай сусветнай калекцыі елачных цацак. Прычым штогод «Музей елачных цацак» абнаўляе свае фонды.

Трэці год запар праект праходзіць сумесна з фабрыкай елачных цацак «ГРАЙ». Наведвальнікі музея змогуць даведацца пра ўсе сакрэты вытворчасці навагодніх упрыгожанняў на адзінай у Беларусі фабрыцы елачных цацак, а таксама пад кіраўніцтвам мастакоў прадпрыемства прайсці майстар-класы па вырабе елачных цацак.

Выстаўка будзе працаваць па 20 студзеня.

БелТА