Расейскі гурт “Порнофильмы”, які выступае супраць вайны ва Украіне, едзе ў невялікі тур па Польшчы
Расейскі гурт “Порнофильмы”, які выступае супраць вайны ва Украіне, едзе ў невялікі тур па Польшчы. Музыкі выступяць ў Гданьску (21.09), Вроцлаве (22.09) і Кракаве (27.09).
Як змянілася праграма артыстаў з пачатку баявых дзеянняў, распавядае лідар калектыву Уладзімір Катляроў:
– Пасля пачатку вайны плэй-ліст нашых канцэртаў практычна не памяняўся. І я думаю, што гэта звязана са спецыфікай нашай творчасці. З самага пачатку ў нашых песнях мы спрабавалі разабрацца ў тым, што адбываецца ў Расеі. Спрабавалі аналізаваць падзеі апошніх дзесяцігоддзяў. Спрабавалі зразумець прыроду зараджэння фашызму ў расейскім грамадстве. Таксама ў нас ёсць цэлы цыкл песень, прысвечаных уварванню Расеі ва Украіну ў 2014 годзе. І таму пасля поўнамаштабнага ўварвання плэй-ліст нашых канцэртаў практычна не змяніўся. Змянілася, відаць, маё ўспрыняцце гэтых песень у кантэксце апошніх падзеяў. Мне стала складаней іх выконваць. Гэтыя песні сталі яшчэ больш актуальныя, чым тады, калі былі напісаныя.
Увесну 2023-га года гурт зладзіў вялікі канцэрт у Варшаве. Тады музыкі сабралі поўную залю клуба.
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя