Раскопкі гарадзішча каля вёскі Талькаўшчына
Каля вёскі Талькаўшчына Слонімскага раёна распачаліся раскопкі мысавага гарадзішча. Раскопкі вядуць школьнікі гуртка “Юны археолаг”, які створаны на базе Упраўлення адукацыі Слонімскага райвыканкама, пад кіраўніцтвам маладога менскага археолага Аляксандра Максімовіча.
Па словах спадара Максімовіча, даследваць гарадзішча каля вёскі Талькаўшчына трэба шмат гадоў, бо гэта найвялікшае і цікавае гарадзішча на Слонімшчыне. Раней яго даследавалі археолагі Леанід Побаль, Валянціна Вяргей, Васіль Супрун, але гэта былі невялікія даследаванні.
“Наогул, гарадзішча Куроўская гара каля вёскі Талькаўшчына добра захавалася, асабліва яго паглыбленне, якое нагадвае сляды вялізнай зямлянкі з калодзежам у тарцы яе, – распавёў нашаму карэспандэнту Аляксандр Максімовіч.– Канічная яма глыбінёй больш за тры метры мае ў плане круглую форму. Падобная яма ёсць і побач з гарадзішчам з паўночнага боку. Уваход на гарадзішча, відаць, размяшчаўся з паўднёвага боку, з суседняга селішча. Найбольш высокі заходні мыс пляцоўкі пачаткова выкарыстоўваўся як гарадзішча-сховішча. На схіле ўзвышша і ля яго падножжа некалі археолаг Леанід Побаль пры шурфоўцы выявіў сляды селішча з ляпной керамікі”.
Раскопкі на Куроўскай гары працягнуцца яшчэ тыдзень, а потым восенню і на наступны год будуць адноўлены.
[Not a valid template]
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён
Фота аўтара