Раскопкі і знаходкі на гарадзішчы ў вёсцы Збочна



Школьны лагер “Юны археолаг” СШ № 2 горада Слоніма разам з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Рэспублікі Беларусь трэці год запар праводзіць летам археалагічныя раскопкі на Слонімшчыне. Разам з юнымі археолагамі на раскопках працуюць малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Аляксандр Максімовіч і слонімскі педагог Ірына Радзецкая.

Сёлета юныя археолагі разам з дарослымі вядуць раскопкі на гарадзішчы ў вёсцы Збочна Слонімскага раёна.

Па словах Аляксандра Максімовіча, на заходняй ускраіне вёскі Збочна, над ракой Окаўкай да сённяшніх дзён добра захаваліся контуры гарадзішча пачатку другога тысячагоддзя нашай эры з магутнымі кальцавымі валамі і равамі. Амаль круглая ў плане пляцоўка дыяметрам каля 50 метраў захоўвае культурныя напластаванні. З паўднёвага ўсходу да гарадзішча прымыкала селішча з кружальнай керамікай, а з поўначы – грунтовы могільнік, побач з якім меліся і курганы, раскапаныя некалі археолагам Міхайлоўскім. “Падчас нашых раскопак пакуль толькі знойдзены савецкія манеты, а таксама манета 1939 года. Выяўлены таксама керамічны венчык X-XIII стагоддзяў і кавалак сярпа ці касы каля XIII стагоддзя. Раскопкі і пошукі працягваюцца”, — сказаў Аляксандр Максімовіч.

Летась юныя археолагі вялі раскопкі на гарадзішчы ў вёсцы Талькаўшчына Слонімскага раёна, а таксама на гарадзішчы слонімскага мікрараёна Рышчыцы. Па словах Аляксандра Максімовіча, летась і пазалетась на Слонімшчыне было знойдзена некалькі кавалкаў ляпной керамікі, крыху большыя за пазногаць вялікага пальца. Яны былі невыразныя. Падобны вынік быў і ў 1979 годзе, калі гарадзішча даследавала археолаг Валянціна Вяргей. У слонімскім мікрараёне Рышчыцы ў 2016 годзе юныя археолагі выявілі парэшткі жывёл XII-XI стагоддзяў.

[Not a valid template]Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён

Фота аўтара