Раскопкі ў мсціслаўскім касцёле атрымліваюць сенсацыйны працяг



Раскопкі ў касцёле кармелітаў, якія пачаліся ўчора, не далі чаканага выніку. Як раней паведамлялася, працоўнай версіяй археолагаў быў пошук каменных зводаў касцёла, што абрынуліся падчас пажару 1855 года.

Закладзены пасярод цэнтральнага нефа раскоп (больш правільна будзе называць яго шурф, паколькі яго памеры ўсяго два метры на два) не даваў асабліва цікавых знаходак. Кераміка, рэшткі цэглы.

Аднак на глыбіні прыблізна двух метраў паявіліся чалавечыя парэшткі.

Яшчэ адна дэталь – быў знойдзены фрагмент карычневай тканіны, які літаральна рассыпаецца ў руках. Карычневая тканіна адпавядае вопратцы манахаў-кармелітаў, але пра гэта крыху ніжэй.

Канструктыўныя рашэнні, якія назіраюцца ў мсціслаўскім касцёле кармелітаў, даволі незвычайныя. Традыцыйна ў падобных пабудовах пад цэнтральным нефам размяшчаюцца скляпенні, якія выкарыстоўваюцца як крыпта – тут хаваюць святароў і манахаў, а таксама фундатараў. Тут жа скляпенні абыходзяць цэнтральную частку і размяшчаюцца пад бакавымі нефамі. Спачатку гэта выклікала пэўныя здзіўленні ў прадстаўнікў каманды, што праводзіць раскопкі.

Але гісторык, кандыдат гістарычных навук Аляксандр Агееў, які бярэ ўдзел у працах, выказаў даволі нечаканае меркаванне. Ці не з’яўляюцца знойдзеныя чалавечыя парэшткі – рэшткамі манахаў-кармелітаў, што сталі ахвярамі так званай Трубяцкой разні?

Узяты штурмам расейскімі войскамі летам 1654 года, горад стаў ахвярай жудаснага вынішчэння мірнага насельніцтва, пасля чаго веліч Мсціслава была надоўга зрынутая. Сярод знішчаных былі і шаснаццаць манахаў кармеліцкага ордэна, якія сталі пакутнікамі за веру.

У гэты час мсціслаўскі касцёл быў яшчэ драўляны. Будаўніцтва мураванага касцёла адбывалася ў 1768 годзе. Можна дапусціць, што шанаванае прадстаўнікамі ордэна пахаванне пакутнікаў адмыслова было пакінута ў цэнтры храма. Над гэтым пахаваннем сімвалічна таксама і размяшчэнне знакамітай фрэскі з выявай Трубяцкой разні на бакавой сцяне цэнтральнага нефа.

6tv.by