Пачаты збор сродкаў на выданне па-беларуску кнігі па картаграфіі ВКЛ



Некалькі дзён таму студыя imago.by выступіла з ініцыятывай выдаць па-беларуску манаграфію аўтарытэтнага польскага навукоўца Станіслава Александровіча.

“Працуючы з крыніцамі, мы заўважылі, што ў вывучэнні гісторыі картаграфіі нашых земляў існуе вялікая лакуна: ні па-беларуску, ні па-руску няма грунтоўнай навуковай работы, якая б комплексна аналізавала картаграфічную спадчыну часоў ВКЛ. Дасягненні картаграфіі Вялікага Княства Літоўскага недаацэненыя або ўвогуле ігнаруюцца, і ад гэтага церпіць не толькі гістарычная парадыгма, але і сучасны імідж нашай дзяржавы,” – пракаментавала ідэю яго аўтар, даследчыца і менеджарка культурных праектаў Валянціна Андрэева.

1260x7087921105518fcb4749bdcf6160498f7c032a8d5a9.jpg

Станіслаў Александровіч нарадзіўся 5 красавіка 1931 года ў Вільні. Яго бацька Багдан Александровіч быў чыноўнікам польскай адміністрацыі ў Луцку, паходзіў з даўняга шляхецкага роду з Браслаўшчыны. Яшчэ зараз у маленечкім Струста захаваліся магілы яго продкаў, у тым ліку судовага прыстава Вінцэнта Александровіча (памёр у 1830 г.).

Гісторыі картаграфавання пан прафесар прысвяціў каля сотні навуковых публікацый. Менавіта ён увёў у навуковы зварот выгравіраваны ў Нясвіжы Тамашам Макоўскім на замову Мікалая Крыштапа Радзівіла Сіроткі план Масквы Шымана Смятанскага, апублікаваў і апісаў планы аблогі Полацка (1579) і замку Улы (1568). Асобна даследаваў вайсковую картаграфію і тут важную ролю адводзіў адной з першых карт вайсковага прызначэння – карце Полацкага княства Станіслава Пахаловіча.

Да перавыдання па-беларуску рыхтуецца апошняя рэдакцыя яго кнігі “Картаграфія Вялікага Княства Літоўскага ад 15 да сярэдзіны 18 стагоддзя”. Менавіта ў гэтай манаграфіі пан Станіслаў Александровіч давёў, што выданне Радзівілаўскай карты Вялікага Княства Літоўскага 1603 года існавала і было падрыхтавана ў Нясвіжы (на жаль, яно не захавалася і вядома толькі па амстэрдамскім перавыданні 1613 года). Навукоўцу прыйшлося знайсці неабвержныя доказы, каб пераадолець аўтарытэт іншага слыннага даследчыка картаграфіі Караля Бучака, які з відавочным скепсісам ставіўся да картаграфічнай спадчыны ВКЛ і да існавання друкаванай нясвіжскай карты ВКЛ у прыватнасці.

Праца Станіслава Александровіча сёння ёсць класічнай у гісторыі беларускай картаграфіі, без яе складана ўявіць разуменне прадмета ўвогуле. Падтрымаць яе выданне па-беларуску можна на сайце ulej.by або скантактаваўшыся з ініцыятарамі праекта ([email protected]).

budzma.by