Рассакрэчаны лайн-ап сёлетняга „Басовішча”
Арганізатары XXVII Фестывалю музыкі маладой Беларусі агучылі поўны спіс гасцей і час іх выступаў, а таксама распавялі, чым, акрамя засяроджанага слухання мелодый і шалёных скокаў пад біты, можна будзе заняцца на сёлетнім „Басовішчы”.
Дваццаць сёмы год запар „Басовішча” вабіць аматараў незалежнай беларускай музыкі ў Борык, што пад Гарадком каля Беластоку. Сёлета два фестывальныя дні прыпалі на 22-га і 23-га ліпеня. Традыцыйна ўваход на тэрыторыю фэсту вольны, а лайн-ап насычаны і разнастайны.
„Калі мы планавалі праграму, то імкнуліся запрасіць і зорак беларускай музыкі, і маладых выканаўцаў. Таму для нас вельмі важны Конкурс маладых гуртоў. Мы ганарымся ўзроўнем сёлетняга Конкурсу і чакаем фіналу 22-га ліпеня, бо на прыкладзе леташніх лаўрэатаў — Navi і TonqiXod — бачым, як нашыя пераможцы развіваюцца. Сёлета інтрыга на Конкурсе велічэзная і мы самі не бярэмся прагназаваць яго вынікі. The Glitchhh, .К, Intelligency, M.G. — усе канкурсанты моцныя і канкурэнцыя будзе надзвычайнай! — зазначае арганізатарка „Басовішча” Ганна Пякарская. — Асноўная фестывальная праграма — гэта незвычайнае спалучэньне розных па стылі і гучаньні гуртоў. Мы адмыслова склалі парадак выступаў так, каб можна было паглядзець на музыкаў з трошку нязвыклага ракурсу. Спадзяюся, наведнікам фэсту прыйдзецца гэта даспадобы. Калі шчыра, каб была магчымасьць, я б і сама не сыходзіла з танцпляцу ўсе два дні!”
Хэдлайнерамі у першы фестывальны дзень стануць партызаны беларускага року — гурт „Крамбамбуля” на чале з Лявонам Вольскім, а ў другі дзень — гурт Brutto. Сярод замежных гасцей — сербскі праект Erik, польскі гурт Jazzombie ды Gogodzy Ganski з Украіны, а таксама падляшскія гурты Ilo&Friends і Zero-85. А яшчэ госці „Басовішча” стануць сведкамі музычнага эксперымэнту: спачатку польскі гурт Hańba! і беларуская каманда Dziciuki зайграюць свае сэты, а пасля абʼяднаюцца ў панк-фармацыю Hańbuki, каб яшчэ гадзіну запальваць танцпляц. І, вядома, слухачоў чакаюць выступы гуртоў Re1ikt, :B:N: ды іншых выбітных беларускіх каманд!
Пазамузычныя актыўнасці на фестывалі таксама будуць. У суботу арганізатары запрашаюць правесці гадзіну з „Беларускай анімацыяй” на кінапаказе, паспрабаваць свае сілы на спартыўных спаборніцтвах ды далучыцца да тэатральных варштатаў. Ася Стэльмашук і тэатар „Czrevo” прадставяць пастаноўку „Ksenia” на падляшскай мове, а нямецкія журналісты прэзентуюць дакументальны фільм, створаны на леташнім „Басовішчы”.
Як заўсёды, непадалёк ад сцэны змесьціцца намётавае мястэчка, месца ў якім будзе каштавац 30 PLN з асобы. На тэрыторыі „Басовішча” будуць працаваць стэнды зь беларускай вопраткай, кнігамі, студыя тату і барбэршоп.
Сачыць за навінамі фестывалю можна праз афіцыйную старонку.