У Полацку правялі імпрэзу “Расстраляная літаратура”
У Полацкім музеі беларускага кнігадрукавання ўжо ў другі раз адбылася імпрэза “Расстраляная літаратура”, на якой ушанавалі памяць пісьменнікаў – ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. У ноч з 29 на 30 кастрычніка ў Менску каты НКВД расстралялі больш за сто чалавек, у тым ліку 22 пісьменнікаў.
Кажа арганізатарка імпрэзы, супрацоўніца музея Вера Ашуева:
– Так атрымалася, што не ўсе выступоўцы, не ўсе тыя, хто збіраўся прыняць удзел, дабраліся. Але, нягледзячы на гэта, нам усё адно не хапіла часу, каб пагутарыць пра тое, што хацелася, што хвалявала. Я думаю, што ўсё атрымалася ў нас.
Вершы расстраляных паэтаў чыталі не толькі літаратары Полаччыны, а і студэнты Полацкага ляснога каледжа. Свае аўдыё- і відэазвароты даслалі пісьменнікі, якія паходзяць з Полацка – Уладзімір Арлоў, Зараслава Камінская і Іна Снарская. Пра габрэйскага пісьменніка Мойшэ Кульбака, таксама ахвяру сталінскага тэрору, расказала віцебская драматург і сцэнарыст Вольга Прусак.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя