Гурт «Разбітае Сэрца Пацана» прэзентаваў альбом «Ашчушчэнія»
Гурт «Разбітае сэрца пацана» выпусціў альбом «Ашчушчэнія», матэрыял для якога збіраўся даволі доўга. Музыкі кажуць, што ў выніку атрымаўся разнапланавы альбом пра нас – нашы страхі, надзеі, перажыванні.
«„Ашчушчэнія” – альбом-рэфлексія. Тыя падзеі, што адбываліся з намі і краінай цягам апошняга года, успаміны дзяцінства, і, канешне ж , каханне – усё гэта адлюстравалася ў песнях. Па гучанні і настрою альбом атрымаўся разнастайны, сакавіты, шмат увагі надалося гучанню вакалаў. Бадай што ў кожнай песні слухачы знойдуць нешта сваё, асабістае, што зрэзаніруе і кране, бо тыя рэчы, аб якіх спяваецца у песнях “РСП”, не абмінаюць ніводнага чалавека», – распавёў 34mag вакаліст Дзяніс Тарасенка.
Запісывалі альбом ў Менску, да таго, як частка саставу з’ехала ў Кіеў пасля адміністратыўных «сутак». У лютым на канцэрце гурта пад Смалявічамі артыстаў разам з гледачамі затрымаў АМАП. Увесь квартэт – Дзяніс Тарасенка, Павел Гарадніцкі, Андрэй Осіпчык і Аляксандр Кавалёў – атрымаў 15 сутак арышту.