„Разбітае сэрца пацана” ў Кіеве



У сталіцы Украіны беларускі гурт завяршыў польска-ўкраінскую частку свайго тура, а наперадзе – іншыя еўрапейскія гарады. У Кіеве бэнд не толькі прэзентаваў свежы альбом, але і зайграў улюблёныя меламанамі хіты. Пасля імпрэзы музыкі распавялі пра эмоцыі, якімі запомніўся гэты тур.

Кажуць Павел Гарадніцкі і Дзяніс Тарасенка:

– Яшчэ ніводзін наш канцэрт не заканчваўся недрайвова і неспякотна.

– Калі ён закончыўся недрайвова і неспякотна, то гэта не наш канцэрт.

– Розніцу паміж польскімі і ўкраінскімі гледачамі не адчуў, таму што ўсе гэтыя гледачы – беларускія. І там, і тут – гэта ўсе нашы людзі. І калі заплюшчыць вочы на тое, што гэта не Менск, а Кіеў, напрыклад, то фактычна мала чым адрозніваецца.

– Насамрэч РСП знішчае усе адлегласці, таму што на наш канцэрт прыехала дзяўчына з Лондана.

У прыхільнікаў “Разбітага сэрца пацана” яшчэ ёсць магчымасць убачыць гурт на сцэне. Так, у верасні яны выступяць у Празе і Вільні, а пасля плануюць зладзіць і анлайн-канцэрт.

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя