Разбяр з Воранава зрабіў скульптуру Маці Божай Будслаўскай
Скульптура Маці Божай Будслаўскай, якая з’яўляецца ўвасабленнем знакамітага абраза, будзе ўсталявана ў бабруйскім касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла.
Працу выканаў майстар-разьбяр з Воранава Казімір Місюра:
– Тыя, хто мелі такі варыянт замовы і такі варыянт выканання як мне давялося, я думаю, што ўсім было не менш складана, чым мне. Думаю, што я мог бы сённяшнім днём некаму параіць, што вельмі адказна, вельмі страшна, што трэба доўга думаць ці доўга ўзважваць, каб брацца так злёту. Я, напрыклад, ніколі б сёння не пагадзіўся так проста без падрыхтоўкі, нават псіхалагічнай, адразу ўзяцца за такую працу – гэта я толькі сёння зразумеў таму што прайшоў гэты этап.
Скульптуру ў рост чалавека ўсталююць у адным з бакавых нефаў каталіцкага храма. Урачыстае асвячэнне, якое здзейсніць мітрапаліт Менскі і Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, павінна адбыцца ў сярэдзіне чэрвеня.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня