Разгараецца скандал вакол забароны канцэрту Сержука Доўгушава



Канцэрт Сержука Доўгушава і Алеся Ясінскага ў Воршы ўсё ж такі не адбудзецца. Не дапамог ні перанос канцэрту з гарадскога цэнтру культуры ў іншае мейсца, ні ўмяшальніцтва дырэктара Белдзяржфілармоніі. Выступ мусіў адбыцца 5 лютага.

Менавіта са сваёй малой Радзімы Сяржук Доўгушаў планаваў пачаць тур па Беларусі з праграмай «Дарогі». Напалову праграма складаецца з песень на вершы яшчэ аднаго ўраджэнца Аршаншчыны Уладзіміра Караткевіча. Музыка каментуе:

– Такі рэзананс пайшоў. Людзям гэта трэба. І галоўны рэзананс сярод аршанцаў. Яны нават тэлефануюць у аблвыканкам, пытаюцца чаму забаранілі канцэрт. Але канцэрта ўжо не будзе, на жаль. Самі песні я пісаў у Воршы. І першы канцэрт мусіў быць у Воршы.

Выступы Сяргея Доўгушава ў Воршы адмяняюцца ўжо ў трэці раз. Мясцовыя актывісты лічаць, што за гэтым стаіць кіраўніца раённага аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ганна Святлова. Сама чыноўніца ўстрымліваецца ад каментароў. 

Забарона канцэрту Сержука Доўгушава і Алеся Ясінскага ў Воршы выклікала скандал. Ва ўсіх іншых гарадах канцэрты адбудуцца, праблемы ўзніклі толькі ў адным горадзе.

Арганізатар шэрагу культурніцкіх імпрэзаў на Аршаншчыне Юрый Нагорны адзначае, што Сяржук Доўгушаў ужо не ўпершыню сутыкнуўся з забаронай на выступ у Воршы, раней гэта здарылася ў год юбілею Рыгора Барадуліна.

– Да юбілею Барадуліна ён хацеў выступіць у нас. Я пайшоў у аддзел культуры і папрасіў даць магчымасць выступіць. „А чаго ён сюды прыедзе выступаць?! Хай едзе ва Ушачы. Там – радзіма Барадуліна, няхай там і выступае,” – адказалі мне. Прыйшлося раскрываць простыя культурніцкія ісціны, што Барадулін – гэта перш за ўсё народны паэт. Вялікі сябра Уладзіміра Караткевіча. Голас Барадуліна гучаў у гэтым музеі. А памяць пра Барадуліна вечная мусіць быць. Аднак гэта не з’яўляецца, напэўна, аргументам. Гэта ідзе ад безкультур’я людзей, якія працуюць у культуры.

Прычыны забароны каментуе рэдактар незалежнага сайту orsha.eu Ігар Казмерчак:

– Апекшыся на малацэ, пасля на ваду дуюць. Хоць Ганна Святлова нідзе асабліва не апякалася. Але для яе прасцей забараніць, чым дазволіць, а пасля баяцца нейкіх наступстваў. Праблема шырэй. Забараняліся ж не толькі выступы беларускіх артыстаў. Забараняліся і выступ цырка, і свята фарбаў, але пасля яго дазволілі. Нейкую логіку я прасачыць тут не магу. Такіх жорсткіх умоваў для выступаў у Беларусі нідзе больш няма. 

РР: Многае канцэнтруецца на асобе начальніка аддзела культуры Ганне Святловай.

Ігар Казмерчак: Раней такіх вялікіх праблем не было. Музей Караткевіча ў прынцыпе быў цэнтрам беларускай культуры ў Воршы. Туды можна было без праблем прыйсці і дамовіцца пра выступ. У музеі склалася кола сяброў, кшталту Бартосіка, Арлова, Купавы, якія, прыязджаючы ў Воршу, перш за ўсё заязджалі ў музей і перадавалі нейкі падарунак, звязаны з Караткевічам. За кошт гэтага не слаба папаўняліся запаснікі. З 2001 ужо пайшлі пытанні з правядзеннем рок-канцэртаў. Пасля быў перыяд, калі аддзелам культуры кіравала Мігаль, пры ёй „закручваліся гайкі”, але гэта рабілася па ўсёй краіне. 

Калі прыйшла ў аддзел культуры Святлова, тады і пачаліся праблемы. Нічога немагчыма правесці. Не выступіць Доўгушаў у дзіцячай школе мастацтваў, выступіць ён у іншым месцы. Але дзіцячая школа мастацтваў менш атрымае, а адміністрацыя культуры яшчэ і ў скандал уляпалася.

Канцэрт Сержука Доўгушава і Аляксандра Ясінскага з прэзентацыяй альбома “Дарогі” тройчы прызначаўся і тройчы адмяняўся у Воршы. Але музыкі не пакідаюць надзеі выступіць.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.