Размова дзеда з „балахоўцам”
У двор пуцявой казармы пры чыгуначнай станцыі «Мазыр-Калінкавічы» (цяпер — дом № 1 па вуліцы Падольскай) зайшло пяцёра і чалавек з вінтоўкамі. Выглядалі пахмурна, паводзілі сябе як гаспадары. На барашкавых папахах — эмблема ў выглядзе чэрапа з перакрыжаванымі касцьмі, на рукавах шынелкаў нашытыя белыя крыжы.
Той дзень застаўся ў памяці многіх — 10 лістапада 1920 года.
I месяца не прайшло, як сям’я пуцявога абходчыка Г.П. Сергіевіча перабралася з зямлянкі у гэтае жыллё — і вось табе, маеш, прымай сям’я «гасцей» з арміі генерала Станіслава Булак-Балаховіча!
Пастаяльцы занялі пакой, дзе жылі гаспадары, а сям’я перабралася на кухню.
Гэта былі шасцідзесяцігадовы Павел Сергіевіч (бацька Георгія), яго жонка Пелагея, нявестка — трыцдацігадовая Вулляна і унук Зміцер васьмі гадоў. Сам жа пуцявы абходчык і іншыя чыгуначнікі, хто спачуваў савецкай «уласці», напярэдадні таго дня пакінулі Калінкавічы.
— Што у цябе ёсць з харчоў? — папытаў у гаспадыні пажылы чалавек, раз-пораз глуха кашляючы. — Тры дні нічога не елі. — Акрамя бульбы, нічога. — Звары бульбы.
Калі бульба зварылася, гаспадыня паставіла на стол чыгун, высыпала бульбу у некалькі місак. «Госці» расселіся за сталом, развязалі свае заплечнікі. Падаставалі адтуль хлеб, сала, кансервы і некалькі бутзлек самагонкі.
Пакуль варылася вячэра, гаспадыня стаяла каля печы і чула, як байцы размаулялі між сабой, назвалі мясцовасць — Янаў за Пінскам. Там не так дауно фарміравалася іх 3-я Волжская дывізія «Народна-дабраахвотніцкай армії». Пачуўшы назву родных мясцінау, адкуль сям’я Сергіевічаў вьшравілася летам 1915 года «у бежанцы», дзед падышоў да іх, амаль усклікнуў:
— Хлопчыкі, дык я ж з тых мясцінаў! Хто такія «балахоўцы» і як яны апынуліся ў Калінкавічах?
Станіслаў Нікадзімавіч Булак-Балаховіч (1883-1940), беларус, ваяваў спачатку ў царскай, затым у Чырвонай арміі, пасля перайшоў са сваім атрадам да «белых». Добраахвотная дывізія, якую ён сфармаваў, у складзе польскай арміі добра праявіла сябе ў баях з «чырвонымі» на беларускай зямлі і пад Воршай. Пасля гэтага была разгорнута ў корпус.
Да яго сцякаліся людзі з усіх бакоў. Генерал уступае ў кантакт з Барысам Савінкавым, заручаеіща яго падтрымкай. у апошніх днях чэрвеня 1920 года дывізія Станіслава Булак-Балаховіча ўступае ў бой з бальшавікамі, а 30 чэрвеня бальшавікі церпяць паразу ў раёне чыгуначнай станцыі Славечна. Праз тры дні балахоўцы атакавалі Вяледнікі, захапілі штаб раскватараванай там брыгады. У час правядзення нападу на варожыя фармаванні атаман практыкаваў сваю ўлюблёную тактыку партызанскага бою.
Між тым набліжаўся крытычны момант у варшаўскім змаганні. 3 17 жніўня па 7 верасня група дзейнічала ў раёне Владавы. А 23 верасня балахоўцы нанеслі сакрушальны ўдар па пазіцыях чырвоных, захапіўшы дзве гарматы і шмат палонных; а праз чатыры дні выбілі праціўніка з Перселы.
Калі ж паміж Польшчай і Расіяй было заключана перамір’е, польскія ўлады намерваліся дывізію расфармаваць. Але Булак-Балаховіч пераканаў маршала Ю. Пілсудскага даць яму магчымасць правесці самастойны паход на Беларусь, каб там падняць антысавецкае паўстанне.
Маршал, чалавек вопытны і дальнабачны, даў такую характарыстыку генерал-паручыку: «Не шукайце ў ім прыкметаў штабнога генерала. Гэта тыповы смуццян і партызан, але таленавіты салдат, і хутчэй за ўсё — кемлівы атаман, чым камандуючы ў еўрапейскім стылі. Не шкадуе чужога жыцця і чужой крыві, гэтаксама як і сваёй асабістай».
Корпус атрымаў дадатковае ўзбраенне і статус «Рускай народнай добраахвотнай арміі». у яе складзе на пачатку 1920 года былі тры пяхотныя і адна кавалерыйская дывізіі, а таксама асобныя падраздзяленні, якія мелі 20 тысяч байцоў, 26 гарматаў, 150 кулямётаў, браняпоезд і авіяэскадрыллю. Акрамя беларусаў у гэтай арміі было шмат каўказцаў і выхадцаў з цэнтральных расейскіх губерняў, былых палонных 1-й сусветнай вайны і чырвонаармейцаў (складзеная з іх 3-я Волжская дывізія генерала Яраслаўцава найболын «праславілася» яўрэйскімі пагромамі і рабаўніцтвам мірных жыхароў).
У 1920 годзе Савецкая Расея заключыла мірныя дамовы з Польшчай, а таксама з Эстоніяй, Латвіяй і Літвой. Нягледзячы на гэта, Барыс Савінкаў дапамог Станіславу Балаховічу сфармаваць з ліку белагвардзейцаў, якія знаходзіліся ў тых дзяржавах, некалькі буйных і добра ўзброеных атрадаў. Пераходзячы дзяржаўную мяжу, яны сталі здзяйсняць «рэйды» на тэрыторыю Беларусь А калі атаман даведваўся, што да іх набліжаюцца «чырвоныя», зноў пераходзіў мяжу і вяртаўся на свае базы.
1920 год… Урад РСФСР накіроўвае ноту ўраду Вялікабрытаніі, у якой паведамляе, што пасля падпісання перамір’я з Польшчай і мірных дамоваў з Эстоній, Латвіяй і Літвой «вайна паміж існуючымі дзяржавамі спынілася, але стан вайны працягвае існаваць». Далей гаварылася, што ў Беларусі і Заходняй Украіне ўзброеныя банды, якія не падпарадкоўваюцца ніякаму ўраду, працягваюць весці варожыя дзеянні супраць грамадзян абедзвюх савецкіх рэспублік. Гэтыя ўзброеныя сілы, якімі камандуюць Балаховіч і Пятлюра, забяспечваюцца амуніцыяй і зброяй дзяржавамі Антанты праз Польшчу, і таму гэтыя краіны з’яўляюцца адказнымі за пакуты і кровапраліцце, што працягваюцца і сёння.
А далей у той жа ноце апавядалася, што «толькі пры дапамозе знішчэння, расфармавання ці здачы ўзброеных сітаў гэтых марадзёраў можна будзе аднавіць мір», і там жа прагучала і пагроза — папярэджанне пра намеры Расеі і Украіны «пакласці канец іх незаконным дзеянням».
Ну і далей усё пайшло, як і павінна было ісці на гістарычных пераломах. 15 кастрычніка 1920 года Сейм запатрабаваў ад ваеннага кіраўніцтва раззброіць усе саюзныя фармаванні, якія прымалі ўдзел у вайне, ці патрабаваць ад іх пакінуць тэрыторыю Польшчы да 2 лістапада. Гэга мела непасрэднае дачыненне і да арміі Станіслава Булак-Балаховіча.
Сам ён рашэнні прымаць не мог, таму вырашыў параіцца з Барысам Савінкавым. Той, доўга не думаючы, адказаў: «Твае ворагі бальшавікі? Ну і грамі іх, як ты ўмееш!»
Станіслаў цяпер ведаў, што рабіць. Сабраўшы ўсё сваё войска, рынуўся на Беларусь, якую поўнасцю акупавалі бальшавікі. У яго была простая і зразумелая мэта — далучыць да барацьбы сялянскія масы, якія бьлі даведзены савецкай уладай да адчаю. У рады балахоўцаў уліліся сотні сялянаў. Яны атрымалі зброю і амуніцыю.
І ўжо праз два дні балахоўцы занялі вёскі Петрыкаўшчыны.
14 лістапада кавалерыйская дывізія палкоўніка Сяргея Паўлоўскага разбіла атрады чырвоных пад Раманаўкай. А палкоўнік Мацвееў, камандзір «1-й дывізіі смерці», заняў Скрыгатаў. Лёгка ўзялі Прудок і Хамічкі, а там адкрыты шлях на Мазыр.
А ў Мазыры на той час набіраў моц дзейнасць Беларускі палітычны камітэт, з якім Станіслаў 12 кастрычніка ўступіў у саюз. У першыя дні рэйду камітэт займаўся выкчючна гаспадарчымі справамі.
Булак-Балаховіч зрабіў рэвізію свайго войска і даведаўся, што харчоў яны маюць усяго на тыдзень. А калі ўлічваць, што армія расцягнулася на многая кіламетры, то правіянт мог скончыцца і раней. Атаман вырашае даручыць свайму прадстаўніку Івану Басіцьеву звярнуцца праз Камітэт да камандавання Войска Польскага з настойлівай просьбай аб пастаўцы запасаў харчавання на 10 дзён і ў дадатак да ўсяго забяспечыць армію тысячам коней з сёдламі.
Але неўзабаве сітуацыя рэзка змяняецца.
У Тураве адбываецца ўрачыстае пастраенне войск у прысутнасці камандуючага арміі. Адбыўся і малебен з малітвамі за Беларускую Народную Рэспубліку і поспех яе зброі. Генерал-маёр Станіслаў Булак-Балаховіч разгарнуў вялізны бел-чырвона-белы штандар, звярнуўся да байцоў арміі:
— Сябры мае! Пад гэтым сцягам мы нарадзіліся, ваюем і, можа быць, загінем. Я не хачу, каб мы загінулі, я хачу, каб мы перамаглі. Перамаглі тых, хто акупаваў маю і вашую родную краіну — Беларусь. Нашыя ворагі — Ленін і Сталін, іх крывавыя памагатыя, якія раздзіраюць нашу радзіму на кавалкі. Мы не жадаєм чужынцаў на нашай зямлі. Клянуся асабіста, заклікаю і вас паклясціся не складань зброю да тае пары, пакуль не вызвалім родны край ад узурпатара, ад расейскай навалы. Клянёмся!
— Клянёмся! Клянёмся! Клянёмся! — тройчы прагрымела клятва адважных балахоўцаў.
А пасля гэтага пад гукі аркестра адбыўся ўрачысты парад.
12 лістапада, калі Станіслаў Булак-Балаховіч вяртаўся ў Мазыр, сябры Камітэта наладзілі ўрачыстую сустрэчу і абвясцілі сябе Вышэйшым дзяржаўным органам Беларусі.
У адказ на тэта Булак-Балаховіч аб’явіў аб стварэнні новай Беларускай Народнай Рэспублікі, выказаў патрабаванне — распусціць урад БССР і БНР (але толькі ў Коўна).
14 лістапада генерал-маёр Станіслаў Булак-Балаховіч аб’яўляе сябе Галоўнакамандуючым узброеных сілаў Беларусі і загадвае неадкладна сфармаваць асобна ад НДА Беларускую Народную Армію. Удакладніў, што яна павінна складацца з сялянскай дывізіі атамана Іскры, атрадаў «Зялёнага Дуба», Асобнага беларускага батальёна 2-й пяхотнай дывізіі.
Трэба адзначыць, што на ніве дзяржаўнага будаўніцтва БПК актывізавала сваю дзейнасць. Камітэт прызначыў грамадзянскую адміністрацыю Мазырскага павета і Тураўскай воласці. Аднавілася работа паштовай службы. Уведзены былі ў карыстанне вырабленыя раней паштовыя маркі.
У той жа дзень Беларускі палітычны камітэт і генерал-маёр Станіслаў Булак-Балаховіч вьдалі сумесны зварот да іўдзеяў з гарантыяй роўных правоў і заклікам дапамагчы ў змаганні з бальшавікамі.
А каб паверылі яны ў сур’ёзнасць намераў новай улады, як доказ, на наступны дзень былі прызначаны гарадскія органы ўлады Мазыра — яўрэям дасталася большасць «партфеляў». Больш таго, ідыш нароўні з беларускай і польскай быў дазволены для карыстання ў судзе.
Але… Чаго не здараецца, калі праходзіць змаганне за новы свет, за заўтрашні дзень. Нягледзячы на тое, што Булак-Балаховіч і Савінкаў заявілі сваю цярпімасць да яўрэяў, на тэрыторыі, якую займалі балахоўцы (НДА), ці ужо Беларуская армія, — адбылася серыя пагромаў. Яўрэйскія дамы рабаваліся. Камандаванне ці то гэтага не зауважала, ці то не ведала пра тое. Пагромы адбыліся ў Тураве, Петрыкаве, Мазыры.
А ўсяго, па дадзеных Народнага камісарыята сацыяльнага забеспячэння Беларусі, ад дзеянняў атрада Булак-Балаховіча прынялі пакуты каля 40 000 чалавек. Дарэчы, у сваім аутабіяіграфічным рамане «Конь вараны» Барыс Савінкаў сцвярджаў, што расстрэльвалі пагромшчыкаў, але тое не знайшло нідзе пацвярджэння.
Тут можна пагадзіцца з некаторымі даследчыкамі дзейнасці БулакБалаховіча на беларускай зямлі: ён у многім пераняў стаўленне польскай палітычнай эліты да іўдзеяў, якая асацыявала іх з бальшавікамі.
Ну а далей Беларускі палітычны камітэт перафармаваўся ва урад БНР, старшынём якога стаў В. Адамовіч, віцэ-прэм’ер і міністр замежных справаў П. Аляксюк, міністр фінансаў, гандлю і прамысловасці І. Сянкевіч, міністр адукацыі Р. Астроўскі, ваенны міністр палкоўнік Бяляеў.
Новы урад выпусціў праграмны маніфест з абяцаннем зямельнай рэформы на падставе канфіскацыі зямлі ў памешчыкаў і прысвоіў Станіславу Булак-Балаховічу жаданы пост «Начальнік дзяржавы». Такую ж пазіцыю, дарэчы, займаў Юзэф Пілсудскі ў Польшчы.
Мазыр працягвау жыць сваім неспакойным жыццём. Арганізавалася Стаўка Глаўкама, пры якой знаходзіўся польскі афіцэр сувязі і праводзіў паседжанні новы ўрад БНР. 16 лістапада БПК, Барыс Савінкау — ужо ад імя РПК — і Станіслаў Булак-Балаховіч заключаюць пагадненне, згодна з якім форму інтэграцыі Беларусі і Расеі павінны вызначыць надзвычайныя тэрытарыяльныя сходы, але Начальніку Беларускай Дзяржавы дазвалялася займацца дзяржаўным будаўніцтвам.
Такі ход падзеяў не спадабаўся Язэпу Балаховічу, якога брат Станіслаў узвёў у генерал-маёры і камандзіры НДА. Браты пасварьліся. Я. Балаховіч выступаў за збліжэнне з Урангелем — арміяй Перамыкіна ў Польшчы, — і абарону агульнарасейскіх інтарэсаў, дарэчы, як і аўтарытэтны генерал I. Лахвіцкі.
Але як ні старалася кіраўнікі, усё ж мусілі прызнаць, што аўтарытэт БПК і створанага з яго урада быў невысокім. Частка беларусаў НДА лічьша сяброў БПК здраднікамі і нават шпіёнамі.
У тым жа месяцы у заходняй частцы Мазыра чырвоным усё ж удалося нанесці сур’ёзную паразу войскам Булак-Балаховіча. А ноччу 18 лістапада Станіслаў пакідае Мазыр. 3 вялікімі цяжкасцямі ён здолеу прабіцца да польскай мяжы. А ў Польшчы яго войскі былі інтэрнаваныя і раззброеныя.
Савецкі ўрад дамагаўся ад Пілсудскага вьдаць генерала Балаховіча. Але тут маршал, трэба адзначыць яго смеласць і прынцыповасць, заняў цвёрдую пазіцыю і не аддаў яго на здзек.
І толькі праз месяц, калі перамовы пра выдачу зайшлі ў тупік, Станіслаў Булак-Балаховіч адчуў сябе нарэшце ў адноснай бяспецы.
Верш «Дзед і балаховец» Зміцер Сергіевіч напісаў паводле дзіцячых успамінаў у 1993 годзе. Тэкст, напісаны яго рукой, я знайшоў у асабістам архіве пісьменніка пазней — пасля яго смерці. Раней ён нідзе не друкаваўся.
Спанадна слухаць: дзе і што, І як, чаму, якім манерам — Стаў балаховец на пастой, Разгаварыўся за вячэрай:
— Жывем мы, людзі, ў страшны час, Ліхога толькі што і чуем… Я рады, што зайшоў да нас. І, як відаць, што заначуе.
Уважна слухаў яго дзед, Сваё ўстаўляючы ў бяседу. — Так-так, перакруціўся свет, — Уторыць балаховец дзеду.
— А што б, калі ваякі ўсе, — Гаворыць дзед, ніяк не змоўкне, — Ды разышліся пакрысе Па родных, па сваіх дамоўках?
— Ты — несвядомы дзед зусім, — Гаворыць важна балаховец, — А думаў ты, што будзе ўсім, Як пераможа свет той «новы»?
Той Ленін, што сядзіць ў Маскве, — Ужо ён вам згатуе долю! Ты тут яшчэ сяк-так жывеш, А прыйдзе ён — дык паняволіць.
— А, кажуць, ён за бедакоў, — Мой мовіць дзед. А той — як гляне: — Той, хто, дзядуля, ды з паноў, За бедакоў не стане!
А ён з паноў, ды немалых, Па заграніцах цешыў душу. А зараз ён табе, ні ў чых, Твой добры лад парушыў.
— А вы даруйце, — кажа дзед, — Бо я тым розумам не мыты, Вось пагалоска ўсюды йдзе, Шт вы — звычайныя бандыты?..
Як вызверыўся той бандыт, Схапіўся за пістолю. А потым кажа: — Не туды Ты вернеш, дзед, нядолю!
О, д’ябальскі савецкі лад Вас, цемнату, дурачыць, Бо толькі з гадаў подлых гад Бандытамі нас бачыць! Мы — вызваліцелі ўсіх вас Ад зграі бальшавіцкай, І хто гаворыць так пра нас, Той першы ў свеце гіцаль!
— Ну, добра, — кажа сціху дзед, — Пашана ўсім вам і слава. Хутчэй бы нам пазбыцца бед, Скажу табе, ей-права! Цялушку вось зарэзаў вам. Для вашага атраду — Калі йдзе гэткі тарарам, Які ўжо там парадак!
— Парадак будзе! Наш атаман Булак той Балаховіч Гаворыць ад душы, не ў зман, Усім ён унаровіць. А то, што йдзе пра нас брыда, Дык што ты зробіш, браце! То не віна, а то бяда — Ва ўсім трэ разабрацца.
Бывае й так — чаго грашыць, Што куляй суд мы чынім — Як кажуць, за ўпакой душы З прычынай й без прычыны.
А мэта ў нас, дзед, — будзь здароў — I дойдзем мы, і здзейснім: Дачыста ўсіх бальшавікоў, Да аднаго павесім.
Ачысцім мы ад хеўры той Вялізны шмат Еўропы!.. І кажа дзед: — А божа ж мой! А ці вяровак хопіць?!.
— Не бойся — будзе ў нас ўсяго — Вяровак і патронаў, І будзеш ты, дзед, ого-го! — Як дойдзем мы да трону! За тое, што прывесціў нас, Зарэзаў нам цялушку, Пачаставаў — не толькі квас, Гарэлку ліў у кружку!
На дабрыню мы дабрынёй Адказваем — дастаткам. Ты, дзед, вось круціш галавой, А гэта ж праўда-матка!
Калі ты хочаш — за цяля, Што сёння парашыў ты, Мы пяць цялят дадзім за-для, Каб вырас твой пажытак!..
На абразы касіцца дзед, Мо нат вышэй — у неба: — Канешне, дзякуй за прывет, Ды мне цялят не трэба!
Адно прашу, у бойцы той, Што будзе, пэўна, скора, Паверх галоў палі, браток, — Каб людзям меней гора!
Паслухай, што гаворыць хрыч Стары, як хіліць голаў… Ў дараднікі ж мяне пакліч, Як выйдзем да прастолу!
I выйшаў дзед на двор, у хлеў, К бяседзе неахвочы, А балаховец той збляднеў І тут як зарагоча:
— Вазьму, вазьму цябе, стары, К тваёй жа, дзед, выгодзе!.. Малюнак з даўняе пары — Было ў двадцатым годзе.
Усеагульнага сялянскага паўстання ўзняць генералу не ўдалося. Неўзабаве ў раён Даманавічаў з поўначы падышла 16-я армія чырвоных, і адразу атакавала балахоўцаў. Калінкавічы адбілі, але ненадоўга: праз кароткі час балахоўцы зноў разбілі іх і вярнулі Калінкавічы. Войскі рэспублікі, перагрупіраваўшыся на лініі Замосце-Лукі-Хобнае, зноў пайшлі ў наступ. У цяжкіх баях 16 і 17 лістапада галоўныя сілы Балаховіча былі разгромленыя. Некалькі соцень ацалелых балахоўцаў на чале са сваім генералам змаглі прарвацца каля вёскі Прудок на правым беразе Прыпяці і знікнуць за польскай мяжой.
Пазней Д. Сергіевіч напіша ў сваіх успамінах:
«Прызначаны ў мястэчку самім Булак-Балаховічам гарадскі галава праз колькі дзён знік у невядомым кірунку. А ў канцы лістапада, выглянуўшы раніцай у акно, я ўбачыў, як, ахопліваючы нашую хату з усіх бакоў, прайшоў ланцуг чырвонаармейцаў са зброяй. Толькі балахоўцаў на станцыі ўжо не было».
У сувязі з гэтым узнікае пытанне — а як ставілася мясцовае насельніцтва да балахоўцаў? I ў той час, і значна пазней адназначнага адказу не было. Нехта бачыў у іх вызваліцеляў ад «чырвонага тэрору» і харчразвёрсткі, а нехта звычайных рабаўнікоў.
Як бы яно ні было, генерал-беларус Станіслаў Булак-Балаховіч застаўся ў гісторыі, бо пакінуў у ёй свой след.
Станіслаў Булак-Балаховіч, як вядома, атрымаў ад Юзэфа Пілсудскага званне генерала польскай арміі і лясную канцэсію ў Белавежскай іпушчы. Працаўнікамі ў ёй былі былыя сябры яго атрада.
У 1926 годзе прыняў самы актыўны удзел у Майскім перавароце Юзэфа Пілсудскага і Люцыяна Жалігоўскага. Ён быў яшчэ і пісьменнікам. Выпусціў дзве кнігі пра верагоднасць вайны з Германіяй — «Wojna bedzie czy nie bedzie» («Байна будзе ці не будзе?», 1931) і «Precz z Hitlerem czy niech zyje Hitler» («Далоў Гітлера ці хайль Гітлер?», 1933), у якіх папярэджваў пра смяротную небяспеку, якая навісла над Польшчай з боку Германіі.
Пасля акупацыі Польшчы Трэцім рэйхам спрабаваў арганізаваць партызанскі атрад для барацьбы з нацысцкімі акупантамі.
Другая сусветная вайна для беларусаў пачалася 1 верасня 1939, калі немцы нападі на Польшчу. Тады, як усе ведаюць, Заходняя Беларусь знаходзілася ў складає Польскай даяржавы. Беларусы, а іх больш за сто тысяч было ў Войску Польскім, разам са змагарамі-палякамі прынялі на сябе першыя ўдары войск вермахта.
У тэты ж час праявіў сябе ў час абароны Варшавы Станіслаў Булак-Балаховіч. Яму ўдалося за кароткі час сфармаваць 300 добраахвотнікаў для барацьбы з ворагам. Тры тыдні змагаліся абаронцы, тры тыдні паспяхова адбівалі танкавыя наступленні гітлераўцаў. Як тое ім удавалася, цяжка ўявіць — танкі супраць слаба ўзброенага войска. Не разумелі таго і нямецкія камандзіры. А сакрэту ніякага і не было — усе як адзін змагаліся за вызваленне Польшчы і сваёй краіны — Беларусі, ды яшчэ пад бел-чырвона-белым сцягам.
10 траўня 1940 года Станіслаў Булак-Балаховіч быў забіты нямецкім патрулём.
Аўтар: Уладзімір Лякін. Нарадзіўся ў 1951 годзе ў Хойніках Гомельскай вобласці. Аўтар кніг «Свет православия на Калинковичской земле» (напісаная ў суаўтарстве з протаіерэем а. Георгієм Камінскім), «Фамилии Калиновского края», «Мы с берегов Каленовки», «Калинковичи на перекрёстке дорог и эпох», «Мозырь в 1812 году» і інш. Сябар ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў». Жыве ў Калінкавічах. Крыніца: літаратурны альманах “Палац”, №4, 2016 г., ст. 116-125.