Развітанне з Алегам Молчанам адбудзецца ў Белдзяржфілармоніі



Цырымонія развітання з вядомым беларускім кампазітарам Алегам Молчанам адбудзецца 1 лістапада ў Менску ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі з 11.00 да 14.00.

Як паведаміла ўдава кампазітара спявачка Ірына Відава, пахаваны ён будзе на Усходніх могілках Менска.

Алег Молчан памёр 26 кастрычніка пасля цяжкай працяглай хваробы. Тры апошнія гады ён змагаўся з анкалагічным захворваннем. Усё лета гэтага года знаходзіўся на лячэнні ў стацыянары РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава, а з 16 кастрычніка – у адной з клінік Жэневы.

Алег Молчан нарадзіўся ў Менску 11 красавіка 1965 года ў сям’і прафесійнага музыканта. У 1983 годзе скончыў сярэднюю спецыяльную музычную школу пры Белдзяржкансерваторыі (цяпер каледж-ліцэй) па класе харавога дырыжыравання.

Карʼера Молчана як піяніста пачалася адразу пасля заканчэння ССМШ. Ён супрацоўнічаў з рознымі музычнымі калектывамі і іграў сольныя праграмы. У 1985–1987 гадах Алег Молчан быў прызваны на тэрміновую ваенную службу, якую праходзіў у ансамблі песні і танца Белпалка. У складзе гэтага калектыву ўдзельнічаў у канцэртах у 30-кіламетровай зоне Чарнобыльскай АЭС.

Дэмабілізаваўшыся, Алег Молчан працаваў у Белдзяржфілармоніі ў якасці кіраўніка вакальна-інструментальнага ансамбля «Асарці», паралельна займаючыся аранжыроўкамі твораў і кампазітарскай дзейнасцю.

У 1991 годзе народны артыст СССР Уладзімір Мулявін запрасіў Алега Молчана на працу ў дзяржаўны ансамбль «Песняры» ў якасці піяніста, аранжыроўшчыка і кампазітара. Фактычна ж Молчан стаў музычным кіраўніком калектыву.

Щматлікія песні, напісаныя Алегам Молчанам у «Песнярах», ужо належаць да сучаснай песеннай класікі. Вяршыняй яго творчасці ў «Песнярах» па праву лічыцца песня на вершы Янкі Купалы «Малітва», якую ўзяў у свой рэпертуар Уладзімір Мулявін.

Песні Молчана з задавальненнем бралі ў рэпертуар вядомыя беларускія артысты: Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Ірына Відава, Якаў Навуменка, Мікалай Скорыкаў.

Алег Молчан – прызнаны эксперт у галіне аўтарскага права, у 2018 годзе быў абраны прэзідэнтам Еўразійскай канфедэрацыі таварыстваў праваўладальнікаў.

У 2019 годзе Алег Молчан быў узнагароджаны медалём імя Францыска Скарыны.

БелаПАН